Касавіца на Пастаўшчыне набліжаецца да завяршэння: травы першым укосам сабраны з плошчы 9 600 гектараў, што складае 72% ад запланаванага. Найбольш шпаркімі тэмпамі нарыхтоўваюць кармы ў ААТ «Хацілы-агра», «Навасёлкі-Лучай», «Янавіца-агра». Апошнім вялікую дапамогу аказваюць механізатары Пастаўскага малочнага завода.
У аўторак Генадзій Шушкевіч на трактары «МТЗ-3522» з 9-метровай касілкай працаваў на сенажаці за Пешкаўцамі, Віктар Чарняўскі і Ігар Шыкуць — каля Гродзькаўшчызны. Непадалёк ад Вайшкун Ян Губскі на КВК падбіраў травы, здрабняў іх і напаўняў прычэпы трактароў мясцовых механізатараў Валерыя Глазко, Валянціна Лукашэвіча і малаказаводскага — Анатолія Пронькі. Работа ішла зладжана.
— На палескіх землях нарыхтоўваю кармы трэці сезон, — расказваў Ян. — Добра вывучыў палі і пасябраваў з механізатарамі. Працуем у дружнай звязцы, адчуваем рух тэхнікі, трымаем пэўную дыстанцыю, таму трава роўна запаўняе прычэпы.
Зялёную масу ў той дзень дастаўлялі ў сянажную траншэю каля Палхун. Там механізатар Пётр Урбановіч амкадорам яе трамбаваў.
— Вось такая ў мяне работа: летам тапчу, зімой сянаж з траншэі зноў загружаю ў прычэпы для дастаўкі на фермы, — расказваў. — Сам родам з Пятруцяў. У гаспадарцы працую з 1986 года. Амкадор стары, часта то тое, то іншае ламаецца. Але падкручу, падмажу, штосьці замяню на новае — і зноў у страі. Хачу адзначыць, што, калі дырэктарам назначылі Андрэя Валер’евіча Купрана, нашмат больш стала ва ўсім парадку. Вельмі адчувальная і дапамога малаказавадчан.
Андрэй Купран у гэтыя дні знаходзіцца на сесіі ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе вучыцца завочна. Вытворчым працэсам на сельгаспрадпрыемстве кіруе галоўны заатэхнік Алена Шалаева. Нагрузка на яе значна ўзрасла: па-ранейшаму трэба трымаць на кантролі справы ў жывёлагадоўлі, рэгуляваць працэс корманарыхтоўкі, вырашаць іншыя надзённыя пытанні. Алена Шалаева, як ніхто іншы, зацікаўленая ў тым, каб кармоў на зімоўку было нарыхтавана шмат і добрай якасці. У гаспадарцы ўтрымліваецца 2 200 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 740 кароў. Толькі пры поўнай забяспечанасці кармамі можна мець высокія сярэднясутачныя прывагі і надоі малака.
Задачы на касавіцу перад механізатарамі стаяць напружаныя: згодна з планам, травы трэба скасіць на плошчы 1 200 гектараў, нарыхтаваць 10 500 тон сенажу, 9 500 тон сіласу, 230 — сена. Па стане на 14 чэрвеня травы ўбраны з плошчы 1 020 гектараў, з іх закладзена 4 300 тон сенажу, на ўмоўную галаву жывёлы ёсць 7,32 цэнтнера кармавой адзінкі.
— Выручае тое, што людзі ў нас шчырыя, — гаварыла Алена Шалаева. — Кожны стараецца працаваць з максімальнай аддачай. Стаўку робім на сянаж. Ужо закладзены траншэі каля ферм у Палессі і Сухарышках, сянажны бурт у Паташні. Сёння пачалі загружаць траншэю ў Палхунах. За якасцю сянажнай масы сочаць галоўны аграном Ганна Лайша і галоўны ветурач Марыя Катко. Работы ў сельскай гаспадарцы шмат, а мясцовых механізатараў не хапае. Таму дзякуй кіраўніцтву малочнага завода за дапамогу на ўсіх відах работ, а механізатарам — за руплівасць.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара