Камандзірам студатрадаў, сфарміраваных у дзяржаўным каледжы і гарадскіх школах, ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі пуцёўкі.
Студатрады пастаянна аказваюць важкую дапамогу сельгаспрадпрыемствам на ўборцы ўраджаю. Сёлета яны будуць працаваць у ААТ «Навасёлкі-Лучай», «Хацілы-агра», «Кураполле-агра» і «Камайскі-агра». Па аднаму атраду працаўладкавана ў ААТ «Паставымэбля» і лясгас.
— З кожным годам колькасць жадаючых стаць студатрадаўцамі павялічваецца, — расказвала першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова. — Радуе, што моладзь хоча пажыць у насычаным працоўным рытме, зразумець значнасць многіх прафесій. Мы бязмежна ўдзячныя кіраўнікам тых прадпрыемстваў, якія ідуць нам насустрач і даюць магчымасць маладым людзям праявіць сябе ў рабочай прафесіі і зарабіць грошай. Для хлопцаў і дзяўчат работа ў студатрадзе становіцца сапраўднай школай жыцця, дае каштоўны вопыт, фарміруе лідарскія якасці, дапамагае зразумець, што такое камандны дух.
Студатрадаўскі рух мае багатую, больш чым 60-гадовую гісторыю. Раней камсамольцы асвойвалі цалінныя землі, узводзілі новыя пасёлкі, працавалі на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Многае за гэты час змянілася, толькі нязменным засталося жаданне маладых людзей прыносіць карысць грамадству і сваёй краіне. Сучаснікі прадаўжаюць слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў. Сёлета працоўны семестр будзе прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таму і не дзіўна, што афіцыйны старт трэцяму працоўнаму семестру быў дадзены на пляцоўцы дзяржкаледжа, дзе ўстаноўлены помнік нашаму земляку Герою Савецкага Саюза Фёдару Маркаву.
З адкрыццём трэцяга працоўнага семестра прысутных павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў і ўручыў камандзірам атрадаў пуцёўкі. Прыемна было чуць, як камандзір атрада СШ №1 Аляксандр Вірбал, атрымліваючы пуцёўку, сказаў: «Будзем працаваць якасна!» Гэтыя словы асабліва актуальныя ў Год якасці. Поспехаў вам, студатрадаўцы, і плённай працы!
Тэкст і фота Анна Анішкевіч