ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ ПА ФУТБОЛЕ. ФСК «Паставы»–«Полацк-2019» – 2:2

Спорт и туризм

ФСК «Паставы»–«Полацк-2019» – 2:2

Гэтым матчам завяршылася гульнявая праграма 3-га тура першынства. Абедзве каманды пачалі сезон не вельмі ўдала, таму гулялі на перамогу. Ужо на 4-й хвіліне апорны паўабаронца Аляксандр Звяруга скарыстаўся пазіцыйнай памылкай абаронцаў і трапна ўдарыў у верхні вугал варот саперніка. Няўдача не засмуціла палачан, і да самага фінальнага свістка яны востра атакавалі. Пастаўчане адказвалі хуткімі контр­атакамі, а на 35-й хвіліне вызначыліся паўторна.

Наш цэнтрфорвард Герман Чалей змог нарэшце перайграць апекуна, высокага кангалезца Кібамбэ Осее, і накіраваў мяч у сетку. Аднак сапернік не пагадзіўся з асечкай і ўзмацніў націск. Перад свістком на перапынак палачане спачатку зарабілі небяспечны штрафны, а пасля вуглавога ўдару і стрэлу ў перакладзіну першым на дабіванні апынуўся Данііл Салодкі — 2:1.

У другім тайме акрылены сапернік насеў на нашы вароты, а контрвыпады спыняў штучнымі афсайднымі пасткамі. За 18 хвілін да канца матча палачане адыграліся, калі К. Осее ў высокім скачку адгукнуўся на верхнюю перадачу.

ЧЭМПІЯНАТ БЕЛАРУСІ ПА ФУТБОЛЕ. ФСК «Паставы»–«Полацк-2019» – 2:2

У канцоўцы нервовае напружанне ўзрасло. На 85-й хвіліне другі полацкі легіянер з Камеруна Жыслейн Леду прамахнуўся з лічаных метраў. Неўзабаве мяч трапіў у штангу варот пастаўчан. Праўда, у дадатковыя 4 хвіліны нашы ледзь не вырвалі перамогу. На жаль, моцныя стрэлы Паўла Пучынскага і Віталя Жылевіча абаронцы з галкіперам перавялі на вуглавыя. На апошніх секундах палачане не далі прабіць з убойнай пазіцыі Андрэю Вілейту.

Важнае ачко ў напружанай сустрэчы заваявалі Мацкевіч, Маршын (к), Голубеў, Рогач, Касенка, Ясюковіч (Вілейта), Звяруга (Пучынскі), Каралёнак (Цыўнель), Кабяк (Жылевіч), Кундра (Камісарчук), Чалей.

У актыве нашай каманды зараз 2 ачкі, яна пакуль ідзе на 5-м месцы ў турнірнай табліцы. Наступны тур пастаўчане прапус­цяць, а затым дома іх чакае гульня з «Газавіком».

У суботніх паядынках напярэдадні фаварыты пацвердзілі свой клас. Аднаасобным лідарам стаў віцебскі «Газавік» пасля чарговай перамогі з лікам 1:0 у Гарадку. Міёрцы на сваім полі разграмілі (6:1) ФК «Сянно», а ў розыгрышы 1/16 фіналу Кубка Беларусі пазмагаюцца са славутым «Дынама» (Мінск).

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.