Чэмпіянат Беларусі па футболе. ФСК «Паставы»–«Газавік» (Віцебск) – 1:5

Спорт и туризм

ФСК «Паставы»–«Газавік» (Віцебск) – 1:5

Гульню віцебская каманда пачала з пазіцыі сілы. Ужо на 3-й хвіліне пасля перадачы з флангу па паветры на мяч выбег левы абаронца саперніка Уладзіслаў Марозаў і ўдарам галавой адкрыў лік — 0:1. Пасля гэтага «Газавік» узмацніў свой націск яшчэ больш, нанёс шмат небяспечных удараў, трапіў у перакладзіну.

Наша каманда адказвала рэдкімі контратакамі і на 28-й хвіліне дачакалася пазіцыйнай памылкі віцябчан. Фланговы нападаючы Дзмітрый Кундра на хуткасці абагнаў свайго апекуна і зраўняў лік. Гульня абвастрылася, а за 10 хвілін да перапынку наш апорнік Рыгор Кабяк у запале барацьбы неасцярожна згуляў у сваёй штрафной пляцоўцы. Напрамак удару з пенальці У. Марозава варатар пастаўчан Вадзім Мацкевіч вылічыў правільна, але прапусціў крыўдны гол — 1:2. Канцоўка тайма засталася за пастаўчанамі, але стрэлам Кірыла Цыўнеля, Германа Чаляя і Дзяніса Маршына крыху не хапіла дакладнасці.

Чэмпіянат Беларусі па футболе. ФСК «Паставы»–«Газавік» (Віцебск) – 1:5

Чвэрць гадзіны на полі ў другім тайме дамінавалі нашы. Рэальны момант адыграцца ўпусціў Кірыл Каралёнак. А ў такіх напружаных паядынках перамагае той, хто менш памыляецца. На 58-й хвіліне сапернік зарабіў небяспечны штрафны, які рэалізаваў трапным ударам Уладзіслаў Лебедзеў — 1:3. Наш варатар так моцна перажываў гэту асечку, што ў наступнай атацы адбіў мяч перад сабой. Такім падарункам скарыстаўся нікім не прыкрыты Юрый Яцэнка, і вынік сустрэчы быў прадвырашаны. Праўда, неўзабаве пастаўчане маглі вярнуцца ў гульню, але пенальці не рэалізаваў Аляксандр Звяруга. Да ўсяго, у канцоўцы нашы засталіся ў колькаснай меншасці, чым скарыстаўся пасля прастрэльнай перадачы рэзервіст Ілья Марозаў.

У павучальным для сябе матчы моцнаму саперніку саступілі Мацкевіч, Маршын (Зелянкевіч), Голубеў (Хараў), Рогач, Камісарчук (к), Звяруга (Курыловіч), Кундра (Казлоў), Цыўнель (Вілейта), Кабяк, Каралёнак (Пучынскі), Чалей (Мядзведзеў). Гульнявая праграма 5-га тура зноў стала скарочанай, бо «Ураджай» (Віцебскі раён) перанёс гульню ў Гарадку. Наш наступны сапернік — ФК «Сянно» — дабіўся ў Полацку перамогі над сапернікам з лікам 8:3. Пасля выезду ў Сянно пастаўчане на стадыёне ПМЦ 6 ліпеня пазмагаюцца з «Ураджаем». Наша каманда заявілася і на Кубак Віцебскай вобласці па футболе.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.