Аграрии Поставщины в эти дни активно ведут кормозаготовку

Сельское хозяйство

Аграрыі ў гэтыя дні актыўна вядуць касавіцу. Улічваючы тое, што з кожным годам павялічваецца колькасць малочнатаварных комплексаў з круглагадовым стойлавым утрыманнем жывёлы, расце неабходнасць у кармах.

Згодна з планам, для грамадскага статка на зімоўку гаспадаркам раёна трэба назапасіць 151 500 тон сенажу, 171 300 – сіласу, 6 600 – сена.

Травы першым укосам трэба ўбраць з 13 500 гектараў. На ўчарашні дзень травы скошаны на 30,4% плошчы. Лі­дзіруюць на сенакашэнні ААТ «Хацілы-агра» (48,9%), «Навасёлкі-Лучай» (44,5%), «Сцяг Перамогі-агра» (43,9%).

Корманарыхтоўчая тэхніка ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» канцэнтруецца па чарзе ў кожным з пяці аддзяленняў. Цяпер механізатары Андрэй Врублеўскі, Руслан Шымко і Валерый ­Адзінец на трактарах з касілкамі працуюць у Коўзанскім. Яны прыклада­юць усе намаганні, каб убраць травы ў аптымальную фазу іх развіцця, бо ад гэтага зале­жыць якасць кармоў і, адпаведна, аб’ём атрыманай жывёлагадоўчай прадукцыі. Зграбаюць зялёную масу ў валкі Юрый Татарчук і Аляксандр Федаронак. Аляксандру месяц таму даверылі новы МТЗ-1221, а перад пачаткам корманарыхтоўкі — новы валкаўтваральнік.

— 24 сезоны я касіў травы, — расказваў механізатар. — Пачынаў працаваць з самаходнай касілкай, потым з ротарнай. Сёлета прапанавалі ўніверсальны стужкавы валкаўтваральнік. Крыху хваляваўся, як асвою новы агрэгат. Такой тэхнікі ў нашай гаспадарцы яшчэ не было. Але прыехаў прадстаўнік завода-вытворцы, усё паказаў і расказаў. І, здаецца, справа пайшла: за дзень зграбаю травы на 70 гектарах. Прадукцыйнасць новай тэхнікі ў два разы вышэйшая, чым пры рабоце са звычайнымі граблямі. І гэта пры тым, што даводзіцца працаваць на невялікіх па плошчы ўчастках.

Валкаўтваральнік KUHN Merge Maxx 950 падымае траву спецыяльным механізмам і перамяшчае яе канвеернай стужкай у валок. Два блокі падбору дазваляюць право­дзіць бакавую (у адзін або два бакі), цэнтральную і камбінаваную (цэнтральную і бакавыя) укладку. Шырыня блокаў рэгулюецца. Яшчэ адна перавага гэтага агрэгата ў тым, што падвяленая зялёная маса не засмечваецца зямлёй, корм лепш захоўваецца і больш карысны для жывёлы.

На падборы валкоў заняты Юрый Гваздоў, Сяргей Саланінка і Генадзій Анкудовіч. Аўтамабілямі і трактарамі зялёная маса з поля дастаўляецца ў сянажныя траншэі і там трамбуецца.

Нарыхтоўваюць у гаспадарцы і сянаж у палімернай упакоўцы.

Самым аб’ектыўным паказчыкам ходу зялёнага жніва з’яўляецца колькасць кармавых адзінак, нарыхтаваных на ўмоўную галаву жывёлы. Па стане на 4 чэрвеня па гэтым паказчыку намнога апярэджваюць іншых працаўнікі ААТ «Хацілы-агра» — 10,5 ц к. адз.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.