30 июня — День молодёжи и студенчества. Ксения и Артём Савельевы работают на благо Поставщины

Общество

Маладосць — самы «круты» час у жыцці: ёсць здароўе, сілы, энергія, мноства ідэй, перспектыў і магчымасцей. Перад маладымі адкрыты ўсе дарогі, і яны вольныя выбраць любую. У нашым раёне пражывае шмат маладых людзей, якія плённа працуюць на карысць Пастаўшчыны. Сёння знаёмім чытачоў з Ксеніяй і Арцёмам Савельевымі.

У мінулыя выхадныя ў рамках рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» ў Шаркаўшчыне праходзіў абласны форум сельскай моладзі. Ксенія і Арцём былі яго ­ўдзельнікамі.

Маладыя людзі пазнаёміліся і пажаніліся падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Арцём — ураджэнец Браслаўскага раёна. Вучыўся па мэтавым накіраванні, у якім месцам абавязковай адпрацоўкі значылася Віцебская вобласць. Атрымаўшы дыплом, прыехаў на Пастаўшчыну. Яго накіравалі ў ААТ «Кураполле-агра» інжынерам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка. Праз год пасля мужа на сваю радзіму вярнулася і Ксенія. Яна — пастаўчанка. Скончыла СШ №4.

Бабуля і дзядуля Ксеніі жывуць у Мягунах. У іх яна праводзіла шмат часу. Назірала, як бабуля-бухгалтар зводзіць дэбет з крэдытам, але дзяўчынку гэта не захапляла. А вось ля дзядулевага МАЗа было цікава. Таму і выбрала БДАТУ, спецыяльнасць «Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасці».

На льнозаводзе дыпламаванаму спецыялісту прапанавалі пасаду інжынера па ахове працы. Тэрмін адпрацоўкі скончыцца праз год, але яна ўжо заключыла кантракт яшчэ на чатыры гады.

— Мяне тут усё задавальняе, — расказвала. — Вельмі рада, што працоўную дзейнасць пачынаю пад кіраўніцтвам мэтанакіраванай, дзелавой Алёны Дзмітрыеўны Юрынёнак. З аднаго боку, яна патрабавальная, з іншага — па-мацярынску клапатлівая і добрая. З ёй можна параіцца па любым пытанні і ёсць чаму павучыцца. Што да абласнога форуму, цікава было пазнаёміцца з маладымі спецыялістамі з іншых рэгіёнаў, пагутарыць з імі, а галоўнае — удзельнічаць у мерапрыемстве ўдваіх з мужам.

Адзін са спікераў форуму — член Камуністычнай партыі Беларусі Сяргей Мяржвінскі — правёў для яго ўдзельнікаў своеасаблівы экзамен па гісторыі нашай краіны. Па словах мужа і жонкі, ім прыйшлося ўзнавіць веды, атрыманыя яшчэ ў школе. Загадчык Друеўскага пасялковага Дома культуры Аляксандр Плыгаўка — карэнны мінчанін. Сваё прызванне знайшоў у маляўнічым куточку Віцебшчыны і не плануе вяртацца ў сталіцу. Гэта доказ таго, што шчаслівым можна быць усюды. Для ўдзельнікаў мерапрыемства была арганізавана экскурсія на прадпрыемства па здабычы і выпуску торфу, а таксама праведзены майстар-клас у раённым Цэнтры культуры, дзе была магчымасць уласнаручна зрабіць сувеніры з гліны, саломы, фоамірану.

— Мы вырабілі падкову, — дзялілася Ксенія. — Справа ў тым, што нам як маладым спецыялістам рашэннем райвыканкама нядаўна выдзелена арэндная кватэра. Робім там рамонт і спадзяёмся на хуткае наваселле. Гэта адчувальная падтрымка і стымул не шукаць іншага месца работы.

Маладых людзей звязала музыка. Абое любяць спяваць і танцаваць. Падчас вучобы ва ўніверсітэце былі ўдзельнікамі арт-фальк-групы «Вялес». Арцём хораша грае на гітары, сам піша песні. Ксенія скончыла музычную школу, іграе на фартэпіяна. Яны і цяпер задумваюцца пра тое, каб вярнуцца на сцэну. А калі ёсць канкрэтная мара і моцнае жаданне яе ажыццявіць, то тады ўсе дзверы перад маладымі адчыняюцца.

Анна Анна Анішкевіч. Фота даслала Ксенія Савельева



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.