Калектыў абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра «Ветразь» круглагадова ахінае клопатам і ўвагай дзетак, якія праходзяць тут рэабілітацыю, самааддана стаіць на варце іх здароўя. Не маглі яго супрацоўнікі абысці ўвагай і знакавую дату, якая мае непасрэднае дачыненне да іх дзейнасці, — Міжнародны дзень абароны дзяцей. Напярэдадні свята тут зладзілі шматгранную, як рознакаляровая вясёлка, праграму, якая падарыла дзеткам цудоўны настрой і шмат незабыўных уражанняў, часцінку цеплыні сэрцаў арганізатараў.
Павіншаваць дзяцей са святам завіталі намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург і вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення па аздараўленні Таццяна Сідаровіч. Уручаючы галоўурачу ўстановы Сяргею Петухову дакументы на новенькі тэлевізар, які разнастаіць вольны час пацыентаў, Станіслаў Уладзіміравіч адзначыў:
— Дзяржава надае велізарную ўвагу аздараўленню дзяцей. І наша вобласць у гэтай справе заўсёды ў лідарах. Клапоціцца краіна і пра развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы санаторна-курортных устаноў, дзіцячых аздараўленчых лагераў, рэабілітацыйных цэнтраў. І тут наш «Ветразь» таксама займае перадавыя пазіцыі. Ва ўстанове ёсць адзінае ў Беларусі абсталяванне для рэабілітацыі дзяцей з рознымі захворваннямі. Сёлета, пасля працяглага перапынку, на базе ўстановы зноў запрацуе кругласутачны дзіцячы аздараўленчы лагер, дзе адпачнуць 132 чалавекі. Ён адкрыецца 10 чэрвеня.
Жадаю ўсім дзецям, каб канікулы прайшлі з карысцю, здзяйсняліся мары, было як мага больш усмешак, шчасця, радасных дзён. На ўсю моц наталяйцеся энергіяй лета!
Для дзетак, якія маюць асаблівасці развіцця, — зараз іх у «Ветразі» 15 — работнікі цэнтра сумесна з творчым калектывам «Вытворяшки» раённага Дома культуры падрыхтавалі забаўляльную праграму. Канцэртныя нумары ў выкананні дзяўчынак, якія зараз тут праходзяць аздараўленне, змянілі вясёлыя забавы. Іх энергічным рухавіком сталі забаўныя персанажы Ірыска, Сонейка і Вясёлка.
У той жа час гэтак жа шчыра весялілася і другая група дзетак. На вулічнай пляцоўцы супрацоўнікі Белаграпрамбанка і Дзяржаўтаінспекцыі правялі для іх адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства «Бяспечны маршрут: даведнік па дарогах і фінансах». Апроч яркіх уражанняў, удзельнікі праграмы атрымалі ў падарунак флікеры, друкаваную і сувенірную прадукцыю.
І ўжо ўсе разам урачыста адкрылі спартыўную пляцоўку. Яна разлічана на дзяцей ад 12 гадоў і старэйшых. Тут плануецца праводзіць конкурсы, спаборніцтвы і эстафеты. Абсталяванне каштуе больш за 55 тысяч рублёў, яно набыта за кошт пазабюджэтных сродкаў «Ветразя».
Ці можа быць у дзяцей асалода ад свята без пачастункаў? Вядома, не! Іх атрымалі ўсе дзеці.
Вераніка Філановіч