В СШ №2 отметили Международный день музеев и 20-летие со дня открытия памятной доски возле дерева Героя

История

18 мая быў вельмі насычаны мерапрыемствамі дзень для нашага музея і ўсёй школы: мы адзначалі Міжнародны дзень музеяў і 20-годдзе з дня адкрыцця памятнай дошкі каля Дрэва Героя.

Адной з першых віталі шаноўную госцю нашага мерапрыемства — Феафанію Ісідараўну Собаль, якая 12-гадовай дзяўчынкай у 1943 годзе разам з роднымі была вывезена ў Германію, прайшла праз канцлагер Дахау. Затым іх сям’я пэўны час працавала на нямецкага гаспадара. Былы вязень за салодкім сталом шчыра гутарыла з экскурсаводамі музея. Таксама паважаны госць нашага свята — Людміла Чатовіч. У 1967 годзе яна была піянеркай. Менавіта яе клас разам з Героем Савецкага Саюза Васіліем Сідарэнкам саджаў маленькі клёнік у парку нашай школы. Завітаў на мерапрыемства і былы дырэктар нашай школы, края­знавец, знакаміты пошукавік Аляксандр Кузняцоў.

В СШ №2 отметили Международный день музеев и 20-летие со дня открытия памятной доски возле дерева Героя

Пад Дрэвам Героя мы віталі гасцей кветкамі і сувенірамі, зробленымі рукамі вучняў. Я расказала пра подзвіг Васілія Сідарэнкі пры вызваленні Пастаў, перапіску з ім піянерскага класа нашай школы, якім кіравала філолаг Тамара Качаноўская.
27 кастрычніка 1967 года Васілій Аляксеевіч прыязджаў у наш горад, стаў яго ганаровым грамадзянінам. І, канечне, сустрэўся з настаўнікамі і вучнямі СШ №2. А затым на памяць разам з класам Тамары Афанасьеўны пасадзіў маленькае дрэўца, якое вырасла ў прыгожы клён.

22 мая 2004 года пад Дрэвам Героя была адкрыта памятная дошка. Яе вырабіў настаўнік працоўнага навучання нашай школы Фёдар Дзевятоўскі. Прайшло 20 гадоў. Дошку абнавілі, і зараз яна мае сучасны выгляд.

В СШ №2 отметили Международный день музеев и 20-летие со дня открытия памятной доски возле дерева Героя

Людміла Чатовіч узгадала тую далёкую памятную падзею, калі разам з Васіліем Сідарэнкам іх клас удзельнічаў у пасадцы клёніка, як усе хваляваліся перад яго прыездам у школу, як вялі перапіску. Па яе словах, гэты чалавек зусім не «зорны». Ён заўсёды шчыра гутарыў з прадстаўнікамі ўсіх пакаленняў.

Пад Дрэвам Героя наша вакальная група выканала песню ў знак памяці пра вызваліцеляў і пераможцаў.

Сустрэча прадоўжылася ў школьным музеі. Мы падвялі вынікі нашай работы за мінулы навучальны год. На 18 мая праведзена 47 экскурсій. У маі—чэрвені гэты лік яшчэ павялічыцца. Акрамя вучняў 1—11 класаў нашай школы, музей наведалі і дзеці падрыхтоўчых класаў. Экскурсіі слухалі навучэнцы першай і трэцяй гарадскіх школ, Варапаеўскай і Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі, а таксама іншых школ раёна. Гасцямі музея станавіліся ветэраны працы, воіны-інтэрнацыяналісты. Таксама пабывалі на экскурсіях наведвальнікі дзённага аддзялення для грама­дзян пажылога ўзросту ТЦСАН, бібліятэкары школ раёна, члены раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў англійскай мовы. Пазнаёміўся з нашым музеем, што для нас вельмі ганарова, і былы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, а зараз старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка.

В СШ №2 отметили Международный день музеев и 20-летие со дня открытия памятной доски возле дерева Героя

Дыяпазон тэм праведзеных экскурсій шырокі: «Да Дня народнага адзінства», «Вялікі Кастрычнік у жыцці нашага народа», «Воіны-інтэрнацыяналісты»… Большасць экскурсій мы прысвяцілі ваеннай тэматыцы: «Акупацыйны рэжым на Пастаўшчыне», «Дзеці вайны», «Вечны агонь і вечная памяць», «Аперацыя «Баграціён». Перамога», «Экспанаты музея перыяду Вялікай Айчыннай вайны» і іншыя. Мы прынялі актыўны ўдзел у шматлікіх конкурсах ваеннай тэматыкі, падрыхтоўцы матэрыялаў да выдання раённай кнігі «Сямейная памяць аб вайне» і г.д. Наперадзе — 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзе Вялікай Перамогі. Зараз наша работа скіравана ў гэтым напрамку.

Вялікая група экскурсаводаў і збіральнікаў экспанатаў музея атрымала заахвочвальныя сувеніры. Асабліва хачу адзна­чыць Максіма Лятко, Карыну Коршунаву, Анастасію Пяткевіч. Максім разам з новымі экскурсаводамі Ульянай Хацяновіч, Дзмітрыем Тумашэвічам і Анастасіяй Жук правялі для прысутных экскурсію «Аперацыя «Баграціён». Перамога».

Людміла Чатовіч у знак шчырай удзячнасці падарыла нашаму музею два экспанаты. Аляксандр Кузняцоў падрабязна ахарактарызаваў пошукавую работу па ўстанаўленні даных на нашага земляка — генерал-маёра войск сувязі з в. Манькавічы Вячаслава Дубоўку. Усе матэрыялы з фотаздымкам генерала мы атрымалі ў падарунак. Гэта бясцэнна.

Вельмі цікава дзялілася сваімі ўспамінамі Феафанія Ісідараўна Собаль. У свае 93 гады яна мае выключную памяць, падрабязна расказвае пра няпростую долю вязняў у Германіі. Гэта глыбока патрыятычны чалавек, і сваім патрыятызмам яна нібы зара­джае іншых. Так, яна расказала нам, як тэрыторыю, дзе яны працавалі ў Германіі, вызвалялі амерыканцы. Не прамінула заўважыць, што ІІ фронт яны адкрылі недаравальна позна, а зараз стараюцца перапісаць гісторыю, забраць нашу Перамогу. Былы малалетні вязень узгадала, што пасля вызвалення яны некаторы час знаходзіліся пад аховай амерыканцаў. Бывала, іх ваенныя падымаліся на другі паверх дома і адтуль сыпалі на зямлю цукеркі. Дзеці-вязні, якія ўжо даўно не бачылі добрай ежы, збягаліся і хапалі з зямлі ласункі. А амерыканцы гучна з гэтага смяяліся. Тады яна, Фаня, і ўкраінская дзяўчынка Міла перамовіліся з астатнімі дзецьмі пра тое, што іх дастаткова зневажалі немцы, а зараз вызваліцелі-амерыканцы прадаўжаюць іх прыніжаць, сыплючы цукеркі на зямлю, як жывёле. І калі ў чарговы раз амерыканец сыпануў цукеркі на зямлю, ні адно дзіця не пабегла іх збіраць. Перакладчыца спытала, чаму яны іх не бяруць. На што малыя адказалі: калі іх хочуць пачаставаць, то няхай пададуць цукеркі ім у рукі… Пасля гэтага выпадку дзяцей больш не зневажалі.

Феафанія Ісідараўна і сёння ўражвае сваім пачуццём патрыятызму і гонару за родную Беларусь. Яна цікавіцца палітыкай, добра ў ёй разбіраецца, любіць глядзець тэлеперадачу «60 хвілін». Шкада, што жанчына не ў сілах запісаць свае ўспаміны. Іх хапіла б на выданне кнігі…

Я шчыра дзякую ўсім нашым гасцям за актыўны ўдзел у мерапрыемстве, якія, здаецца, зрабілі атмасферу нашага музея яшчэ больш патрыятычнай, а таксама адміністрацыі школы, настаўнікам Г. А. Дзевятоўскай, А. Б. Катовіч, А. А. Бартось, Я. А. Гатоўчыку, актывістам музея, выпускнікам 2024 года, мужчынам-майстрам школы, тэхработніцы музея А. М. Дзямідавай, якую мы павіншавалі з днём нараджэння. Дзякуючы калектыўнай працы, у нас усё атрымалася.

Рэгіна Ластоўская, кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2  імя Н. М. Асяненкі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.