В первые дни июня на Поставщине начинают работу разнообразные оздоровительные лагеря

Образование

Крыху больш за тыдзень застаецца да пачатку летніх канікул у школьнікаў. У навучэнцаў выпускных класаў наперадзе экзамены за курс базавай і сярэдняй школы, а затым паступленне ў сярэднеспецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы, ва ўсіх астатніх — тры месяцы бесклапотнага адпачынку. Для таго, каб ён быў змястоўным і карысным, кожнае лета ў першыя дні чэрвеня на Пастаўшчыне пачынаюць работу разнастайныя аздараўленчыя лагеры.

Як расказала галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Танона, летняя аздараўленчая кампанія-2024 у раёне будзе доўжыцца з 3 чэрвеня па 27 жніўня. За гэты перыяд плануецца аздаравіць 887 дзяцей. Цікава правесці час і ўмацаваць здароўе яны змогуць у лагерах на базе ўстаноў адукацыі, АДРАЦ «Ветразь», в/ч 74384 і ФАКа.

Усяго сёлета будуць працаваць 13 прышкольных лагераў, адзін з якіх — у раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Таксама будзе арганізавана работа трох міжшкольных профільных аздараўленчых лагераў. Два з іх працуюць не першы год і вельмі добра сябе зарэкамендавалі. Гэта духоўна-маральны лагер на базе СШ №4 імя В. Ф. Франтова, які праводзіцца ў супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой і ў якім аздараўліваюцца ў асноўным выхаванцы нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Паставы, і экалагічны лагер «Следапыт» на базе СТК «Азёркі». Акрамя таго, вырашана стварыць профільны ваенна-патрыятычны аздараўленчы лагер на базе РЦДМ. Ён будзе складацца з 5 атрадаў, якія размесцяцца ва ўсіх агульнаадукацыйных установах горада. Выхаванцамі гэтага лагера стануць дзеці, якія патрабуюць да сябе павышанай педагагічнай увагі. Для іх будуць праводзіцца мерапрыемствы ў супрацоўніцтве з воінскімі часцямі і іншымі сілавымі структурамі.

В первые дни июня на Поставщине начинают работу разнообразные оздоровительные лагеря

Другі год на базе в/ч 74384 арганізуецца 9-дзённы кругласутачны абаронна-спартыўны лагер «Абаронца Айчыны». Першапачаткова ён задумваўся як лагер для хлопчыкаў ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў, якія маюць праблемы з паводзінамі і з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Але набраць 20 такіх дзяцей аказалася немагчыма (столькі іх проста няма ва ўстановах адукацыі горада). Таму сёлета разам з так званымі цяжкімі падлеткамі ў лагер паедуць звычайныя дзеці, якія мараць звязаць сваё жыццё з арміяй. Яны паселяцца ў казарме і з галавой акунуцца ў армейскае жыццё.

А вось традыцыйнага 9-дзённага кругласутачнага лагера, які праводзіўся ў супрацоўніцтве з пастаўскім касцёлам, сёлета не будзе. Замест яго свае дзверы адчыніць кругласутачны лагер на базе «Ветразя». На працягу чатырох яго змен змогуць аздаравіцца 120 дзяцей.

— Я думаю, што лагер у «Ветразі» будзе годнай альтэрнатывай касцельнаму, — гаварыла Марына Танона. — Таму што, па-першае, у яго намнога лепшая база. Па-другое, большы перыяд аздараўлення — не 9, а 15 дзён. Ды і тое, што дзеці будуць аздараўлівацца не ў горадзе, а ў лесе, на ўлонні прыроды, мае вялікае значэнне. Ва ўмовах горада нельга дазволіць многія мерапрыемствы, якія можна праводзіць у стацыянарным лагеры.

Таксама побач з аздараўленчымі будзе працаваць лагер працы і адпачынку для 10-класнікаў, якім споўнілася 16 гадоў. Ён размесціцца на базе СШ №4 імя В. Ф. Франтова і будзе мець 5 вучнёўскіх брыгад ва ўсіх школах горада. 45 яго прадстаўнікоў змогуць правесці час не толькі цікава, але і з карысцю, сумяшчаючы адпачынак з касметычным рамонтам сваіх навучальных устаноў. 90 вучняў паправяць здароўе і фізічную форму ў спартыўна-аздараўленчым лагеры пры дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе.

Што да тэрмінаў работы лагераў, то ва ўсіх дзённых пры ўстановах адукацыі, акрамя экалагічнага «Следапыт» і лагера працы і адпачынку, яны з 3 па 21 чэрвеня. «Следапыт» і працоўны лагер пачнуць работу 24 чэрвеня і завершаць 12 ліпеня. «Абаронца Айчыны» будзе працаваць з 1 па 9 ліпеня, спартыўна-аздараўленчы — з 16 ліпеня па 27 жніўня. У лагеры на базе «Ветразя» змены стартуюць 10 і 27 чэрвеня, 15 ліпеня і 5 жніўня.

Знаходжанне дзяцей у лагерах у асноўным датуецца дзяржавай. У дзённых на кожнае дзіця з бюджэту выдзяляецца 104 рублі, у кругласутачным на базе в/ч 74384 — 131 рубель. Бацькоўская даплата ў іх мінімальная — крыху большая за 10% ад кошту пуцёўкі. У «Ветразі» кошт пуцёўкі і даплата бацькоў залежаць ад узросту дзіцяці. Калі малому ад 6 да 10 гадоў, пуцёўка будзе каштаваць 555 рублёў, 307 з якіх павінны ўнесці таты і мамы. Даплата за адпачынак 11—13-гадовага падлетка складзе 310 рублёў, 14—17-гадовага — 315 рублёў. 29 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, аздаравяцца ў «Ветразі» за кошт раённага бюджэту. На гэта райвыканкам выдзеліў 9 тысяч рублёў. Але дзе б ні адпачывалі школьнікі, усюды арганізатары іх адпачынку пастараюцца зрабіць яго максімальна эфектыўным і незабыўным.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.