Кажуць, любая вайна не можа лічыцца скончанай, пакуль не пахаваны апошні салдат, які на ёй загінуў. Вялікая Айчынная такім чынам працягваецца ўжо восем дзесяцігоддзяў, бо да гэтага часу ўстанаўліваць імёны і месцы пахавання радавых і афіцэраў самай кровапралітнай у гісторыі чалавецтва вайны. Вось і на днях на абеліск у гонар загінулых землякоў у вёсцы Васіліны занесена імя раней невядомага героя — ураджэнца Васілін Генадзія Данатавіча Рымшы. Неўзабаве новае імя — жыхара вёскі Агароднікі Антона Пятровіча Радзько — з’явіцца на аналагічным абеліску ў Савічах.
Усё пачалося са звароту родных загінулых салдат у мясцовыя органы ўлады. Ведаючы пра баявы шлях дарагіх ім людзей, адзін з якіх загінуў і пахаваны ў Германіі, а другі наогул доўгі час лічыўся зніклым без вестак, яны хацелі, каб імёны герояў былі ўвекавечаны на малой радзіме. Прадстаўнікі ўлады, канешне ж, пайшлі насустрач. Правялі пэўную работу самі, падключылі да яе вядомага ў раёне гісторыка, дырэктара раённага краязнаўчага музея Аляксандра Кузняцова. Ён вывучыў даступныя архіўныя дакументы і зрабіў навуковае абгрунтаванне неабходнасці занясення імёнаў радавых на абеліскі воінскай славы: стралка 265-га стралковага палка 20-й горна-стралковай дывізіі 28-й арміі 1-га Украінскага фронту Генадзія Рымшы, які дайшоў да Берліна і загінуў смерцю храбрых 2 мая 1945 года, і стралка 294-га стралковага палка 184-й стралковай дывізіі 5-й агульнавайсковай арміі 3-га Беларускага фронту Антона Радзько, які ўдзельнічаў ва ўзяцці Кёнігсберга і ў ходзе баёў прапаў без вестак (хутчэй за ўсё, загінуў).
Цяпер у нашчадкаў герояў вайны будзе магчымасць ушанаваць іх памяць, усклаўшы да абеліскаў кветкі і запаліўшы лампадкі.
Алена Шапавалава