Яшчэ ў пачатку года кіраўніцтва раёна мела дамоўленасць з рэктаратам Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта на работу яго студэнцкага атрада на Пастаўшчыне. Рабочыя рукі механізатараў, тэхнікаў-механікаў асабліва запатрабаваныя ў перыяд веснавых палявых работ. І вось у красавіку ў ААТ «Камайскі-агра» прыехалі студэнты 2-га курса Аляксей Калеснік, Ілья Харковіч, Вадзім Дзяруга, Іван Даніленка, Аляксандр Ілючык і трэцякурснік Радзівон Калеснік.
Да паступлення ў БДАТУ хлопцы скончылі сярэднія спецыяльныя ўстановы, атрымалі пасведчанні на права кіравання трактарам і аўтамабілем. Добра разбіраюцца ў тэхніцы. З першых дзён работы ў ААТ «Камайскі-агра» яны зарэкамендавалі сябе з найлепшага боку. На працягу амаль месяца студатрадаўцы рыхтавалі тэхніку да выезду ў поле: адрамантавалі зернеўборачны камбайн, рухавік амкадора, ухілілі няспраўнасці ў некалькіх легкавых аўтамабілях. Давяралі ім і перавозку гаруча-змазачных матэрыялаў, дастаўку ў поле зварачнага апарата. У «Камайскім-агра» адзначылі, што ўсе хлопцы талковыя, сваю справу ведаюць добра.
— Корпацца ў тэхніцы нам падабаецца, — расказвалі студэнты. — Калі ў чым сумняваліся, па дапамогу звярталіся да вопытных работнікаў майстэрняў. Работа ў студэнцкім сельскагаспадарчым атрадзе — каштоўны вопыт, які спатрэбіцца. Мы ж будучыя інжынеры.
Не было нараканняў у хлопцаў і на ўмовы пражывання. Іх пасялілі ў асобным доме, забяспечылі палівам, двухразовым харчаваннем. Хоць атрад невялікі, карысць ад яго работы відавочная. Тэхнікі на сельгаспрадпрыемстве шмат, а гаспадарчых рук малавата. Таму такім адказным памочнікам тут былі рады.
У пачатку мая студатрадаўцы пакінулі Пастаўшчыну. Наперадзе ў хлопцаў экзаменацыйная сесія. Пажадаем ім поспехаў.
Анна Анішкевіч