Семья Писарик — самая большая многодетная семья в Поставском районе

Общество

У пастаўчан Кацярыны і Віталія Пісарыкаў васьмёра дзяцей. Для сучаснага беларускага грамадства з’ява нетыповая, але такая паказальная! Знаёмімся з сям’ёй.

Семья Писарик — самая большая многодетная семья в Поставском районе

Атрымалася інакш

Яны, варапаеўскі хлопец і пастаўская дзяўчына, пазнаёміліся падчас міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік». Як сёння, памята­юць той дзень — 17 чэрвеня 2005-га. Роўна праз год зарэгістравалі шлюб. Сямейнае жыццё пачыналі ў бацькоў Віталія ў Варапаеве. Праз два гады пераехалі ў Паставы. Каця прызнаецца: «Ніколі не марыла пра вялікую сям’ю. Думала: нараджу адно дзіця, для забавы завядзём сабачку і коціка. Вельмі люблю жывёлу і хацела стаць ветурачом. Пасля заканчэння Пастаўскага дзяржкаледжа паступіла ў Лужаснянскі сельгастэхнікум, планавала прадоўжыць вучобу ў Віцебскай ветакадэміі».

Аднак правучылася яна ў Лужасне толькі год, бо выйшла замуж, нарадзіла дачушку і не змагла адарвацца ад малой. Хацела бачыць, як Лізачка расце, як прарэзаўся яе першы зубік, як упершыню папаўзла, стала на ножкі, зрабіла першы крок.

Праз тры гады нарадзілася другое дзіця, а потым — яшчэ і яшчэ. «І мне ўжо было не да вучобы і не да кар’еры, — гаварыла маладая жанчына. — Я цалкам прысвяціла сябе мацярынству, пра што ніколькі не шкадую».

Усе – любімыя!

З васьмярых дзяцей Пісарыкаў толькі двое старэйшых — дзяўчынкі. На сёння ў сям’і пяць школьнікаў. Ліза заканчвае 11 клас, яе сярэдні бал вышэйшы за 9. Ужо вызначылася з прафесіяй. Узяла ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы мэтавае накіраванне і будзе паступаць у Віцебскі медуніверсітэт. Марыць пра медыцыну і васьмікласніца Віка. Цімафей ходзіць у 6 клас, Кірыл — у 3-і, Міша — у 1-ы. Лёша і Паша наведваюць садок, Сашу яшчэ ўсяго 8 месяцаў.

Дзеці не абмяжоўваюцца вучобай у школе. Ліза скончыла мастацкую школу і музычную па класе цымбалаў, Віка авалодвае там скрыпкай, Цімафей навучаецца ігры на баяне. Цімафей і Кірыл таксама займаюцца вольнай барацьбой. А яшчэ дзеці ахвотна наведваюць школьны гурток «Юны дызайнер». Усе старэйшыя ходзяць у нядзельную школу пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Паставах.

У інтэрнэце яны не «завісаюць»: бацькі дазваляюць кожнаму карыстацца мабільным тэлефонам не больш за гадзіну штодня. А ў выхадныя яшчэ і паглядзець што-небудзь цікавае па тэлевізары. Старэйшыя — памочнікі ў хатніх справах. Усёй сям’ёй Пісарыкі любяць бываць на сваёй дачы ў Варапаеве.

Наперакор прагнозам

Выхоўваць столькі дзяцей, безумоўна, цяжка. Да таго ж складанасці ўзнікалі яшчэ да іх з’яўлення на свет. Справа ў тым, што ў Каці адмоўны рэзус-фактар, а ў Віталія — станоўчы. З-за гэтага падчас цяжарнасці можа ўзнікнуць рэзус-канфлікт плода. У выніку здараюцца выкідышы, нараджаюцца неданошаныя або цяжкахворыя дзеці.

Калі Каця насіла пад сэрцам пятае дзіця, гінеколагі настойвалі на перарыванні цяжарнасці, матывуючы тым, што дзіця можа нарадзіцца хворым. Жанчына на аборт не згадзілася. «Божа, якое ты мне дасі дзіця, такое і прыму, — звярталася яна ў малітвах да Усявышняга. — Калі нават цяжкахворае, усё роўна буду яго любіць». Нарадзіла здаровага хлопчыка з адмоўным рэзус-фактарам, а з гадамі — яшчэ трох.

Сёмае павінна было з’явіцца на свет праз кесарава сячэнне. У маці міяпія вачэй. Урачы прагназавалі, што натуральныя роды ўскладняць хваробу, і яна можа страціць зрок. Планавалі адправіць Кацю ў Віцебскі абласны раддом (дарэчы, 4 з 8 дзяцей яна нараджала менавіта там). Але не паспелі гэта зра­біць. Яна нарадзіла дзіця сама ў пастаўскай бальніцы. І гэта не пашкодзіла зроку, ён застаўся ранейшым. «На ўсё воля Божая», — заключаюць Пісарыкі. І з гэтым немагчыма не пагадзіцца, дакрануўшыся да гісторыі іх сям’і.

Маліла: «Не забірай!»

У снежні 2020-га Каця і Віталій захварэлі на кавід. А ў іх шасцёра дзяцей, і яна цяжарная сёмым. Таму лячылася дома. А Віталія скасіла так, што трапіў у бальніцу і ўжо не мог дыхаць без кіслароду. Мужчыну адправілі на рэанімабілі ў Віцебск. Тыдзень ён праляжаў у рэанімацыйным аддзяленні абласной бальніцы і столькі ж — у тэрапеўтычным. Віталій бязмежна ўдзячны ўрачу Васілію Раманавічу Сівіцкаму і віцебскім медыкам, якія выратавалі яму жыццё.

— Я вельмі баялася за Віталія, — расказвае Каця. — Увесь час малілася і прасіла Бога: «Не забірай у дзяцей тату. Як жа я адна падыму іх?» І многія маліліся за яго не толькі ў Паставах, але і ў Жыровічах, Кіева-Пячорскай лаўры… У той вельмі цяжкі для нашай сям’і час мне таксама шмат дапамаглі чужыя, але вельмі дарагія для нашай сям’і людзі : гатавалі і прыносілі ежу, няньчылі малых, усялялі надзею. Не буду называць імёнаў, яны сябе пазнаюць і ведаюць пра нашу вялікую ўдзячнасць.

І дзяржава падтрымлівае

Не ўсе разумеюць, а тым больш ухваляюць мнагадзетнасць. Некаторыя нават у вочы казалі Пісарыкам: «Пара спыніцца!» Хтосьці лічыць, што дзяцей нараджаюць, каб атрымаць дапамогу ад дзяржавы, тое ж бясплатнае жыллё. Кацярына з Віталіем пабудавалі ў Паставах трохпакаёвую кватэру на агульных умовах, калі мелі толькі дваіх дзяцей. А зараз не могуць прадаць яе і пабудаваць дом, бо яшчэ шмат гадоў бу­дуць выплачваць узяты ў банку крэдыт. Але паколькі сям’і не хапала квадратных метраў, то з  дзяржаўнай падтрымкай пабудавалі двухпакаёвую кватэру. Сямейны капітал патрацілі на набыццё дачы ў Варапаеве і яе абуладкаванне. Малыя да двух гадоў, а таксама дзеці ў садку і школе атрымліваюць бясплатнае харчаванне. У адпаведнасці з заканадаўствам бацьку даецца дадатковы выхадны на тыдні.

— Каця ўжо гаварыла, што нам вельмі дапамагаюць людзі, — расказваў Віталій, які працуе зваршчыкам у «Рассвеце Пастаўскім». — Заўсёды з разуменнем ставіцца да нашых сямейных праблем дырэктар прадпрыемства Альфрэд Малец і мой непасрэдны начальнік Віталій Волк, за што ім вялікі дзякуй. А самае галоўнае — Божая апека.

Каця і Віталій — не простыя, а адукаваныя вернікі. Абое завочна скончылі Жыровіцкую духоўную семінарыю (на экзаменацыйныя сесіі ездзілі па чарзе). Яна выбрала педагагічны напрамак, ён — багаслоўскае аддзяленне, зараз прыслугоўвае бацюшку ў пастаўскай царкве. Прызнаюцца, што падчас вучобы ў семінарыі не толькі паглыбілі свае веды, але і сустрэлі шмат адукаваных высокадухоўных людзей, з многімі падтрымліваюць сувязь.

Калі я ўжо развітвалася з сям’ёй, Каця папрасіла: «Абавязкова напішыце, каб жанчыны не баяліся мець шмат дзяцей. Гэта цяжкая праца, але такая богаўгодная. А мужчыны павінны ва ўсім дапамагаць сваім жонкам і паказваць прыклад дзецям».

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.