Няскончаны ўрок. Забытыя старонкі беларускай гісторыі — пад такой назвай у канцы красавіка адбыўся захапляльны ваенна-гістарычны фестываль, прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны. Галоўнай і самай займальнай часткай мерапрыемства стала рэканструкцыя гістарычнай бітвы 1915 года, удзел у якой прынялі і пастаўчане.
Фестываль праходзіў на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту «Строчыцы» Мінскай вобласці. Разам з дабрачынным гістарычным фондам памяці Першай сусветнай вайны «Крокі» і пры падтрымцы гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна» музей не адзін год з’яўляецца арганізатарам адметнага мерапрыемства.
— Фестываль у чарговы раз прыцягнуў увагу многіх зацікаўленых, — рассказваў адзін з яго ўдзельнікаў — Аляксандр Кузняцоў. — Сюды з’ехалася каля 70 аматараў з розных рэканструктарскіх клубаў краіны. У складзе энтузіястаў і даследчыкаў гісторыі мы апрануліся ў форму салдат рускай і германскай армій, разбілі пад адкрытым небам ваенна-палявыя лагеры, дзяліліся ведамі, стваралі аўтэнтычнае становішча таго далёкага часу і дэманстравалі няпростае жыццё продкаў, якія ваявалі на франтах Першай сусветнай.
Кульмінацыйнай падзеяй фестывалю стала дэманстрацыя бою 1915 года, які праходзіў у адным з беларускіх мястэчак падчас Свянцянскага прарыву паміж германцамі і рускімі. Разам з рэканструктарамі з Мінска, Брэста і Смаргоні ў атаку кінуліся і нашы землякі — члены клуба рэканструктараў «Пастаўскі гарнізон» Аляксандр Кузняцоў, Павел Курто, Сяргей Казура, Генадзій Мукель, Іван Сцепаненка на чале з кіраўніком клуба Дзмітрыем Журавым і 16-гадовыя члены пошукавага аб’яднання «Пошукавікі-даследчыкі» Аляксандр Дарашкевіч і Раман Рубель. Далучыліся да пастаўчан і двое нарачанцаў — Сяргей Мамошкін і Аляксандр Арцюшанкаў, якія таксама з’яўляюцца членамі клуба «Пастаўскі гарнізон». Удзельнікі баявых сцэн сумеснымі намаганнямі змаглі адлюстраваць усе цяжкасці, якія даводзілася пераадольваць воінам таго часу. Спецэфекты — артылерыйскія абстрэлы і шум выбухаў — дакладна перадалі гледачам, наколькі небяспечнай і страшнай была тая вайна. З абодвух бакоў прымянялася аўтаматычная зброя. Дарэчы, нашы рэканструктары — «германцы» — падрыхтавалі і прывезлі з сабой кулямёт «МГ». З боку «рускіх» гледачы маглі чуць раскаты знакамітага «Максіма».
— Арганізатары дзякавалі нам за тое, што ад нашага клуба было вялікае прадстаўніцтва рэканструктараў у германскім абмундзіраванні, — не без гонару расказваў кіраўнік клуба Дзмітрый Жураў. — Ганарымся мы і тым, што двое нашых удзельнікаў былі апранутыя ў форму Рускай імператарскай арміі 85-га пяхотнага Выбаргскага палка, які вызваляў Паставы. Фатаграфуючыся з намі на памяць, людзі дзякавалі, гаварылі, што ім было цікава і павучальна адначасова: даведацца пра гісторыю, прасякнуцца пачуццямі і адчуць сябе часткай вялікай барацьбы.
Крысціна Рубель