Дапамагаць іншым – шчасце — так лічыць сястра міласэрнасці Пастаўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Галіна Малько.
У гэтай арганізацыі Галіна Іванаўна працуе другі год, але і за такі кароткі тэрмін стала для чацвярых падапечных бліжэй за родных. Менавіта пра іх больш за ўсё расказвала мая суразмоўца.
— У іх я бачу не бездапаможных, а добрых, шчырых людзей, нярэдка з няпростым лёсам, — гаварыла Галіна Малько. — Захапляюся іх аптымізмам. Яны сціплыя па натуры і цікавыя суразмоўцы, вучаць цаніць кожны момант жыцця. Хтосьці ўжо ў паважаным узросце асвоіў камп’ютар, па скайпе гутарыць з унукамі, якія жывуць далёка.
У абавязкі сястры міласэрнасці ўваходзіць аказанне медыцынскай дапамогі: змерыць артэрыяльны ціск, апрацаваць пролежні, зрабіць укол. А яшчэ падапечныя вельмі любяць, калі Галіна Іванаўна затрымаецца і паслухае іх успаміны, меркаванні наконт той ці іншай падзеі. Душэўная размова часам дапамагае лепш за лекі.
— Галіна Іванаўна — кваліфікаваны спецыяліст, — расказвала старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава. — Яна валодае не толькі сучаснымі метадамі догляду цяжкахворых, але і мае надзвычай добрае сэрца, поўнае міласэрнасці, багаты вопыт у медыцыне.
Пра прафесію медыцынскай сястры Галя марыла з дзяцінства. Бегала ў вясковую амбулаторыю, каб адчуць пах лякарстваў, паназіраць за работай мясцовага фельчара. І пасля школы паступіла ў Мінскае медвучылішча. Па накіраванні прыехала ў Паставы. Першым месцам работы быў аўтапарк, дзе праводзіла асведчанне вадзіцеляў перад выездам у рэйс.
— Але гэта работа была мне не да душы, — прызнаецца. — Таму пры першай магчымасці ўладкавалася ў цэнтральную раённую бальніцу. Пачынала з прыёмнага пакою, а адчула сябе па-сапраўднаму запатрабаванай у рэанімацыйным аддзяленні.
З удзячнасцю ветэран працы ўспамінала дружны калектыў, у якім кожны дакладна выконваў свае абавязкі, дзе адно аднаго разумелі не тое што з першага слова, а з погляду. З рэанімацыяй не магла развітацца, нават атрымаўшы права на пенсію. Урэшце вырашыла: хопіць, трэба адпачываць. Але сядзець без справы змагла не доўга. Як толькі прапанавалі стаць сястрой міласэрнасці — згадзілася.
— Для нашай арганізацыі Галіна Малько — сапраўдная знаходка, — працягвала Таццяна Шахава. — Яна не звычайная медсястра, а міласэрная. Дапамагае людзям, што маюць патрэбу ў доглядзе, не трапіць у інтэрнат для састарэлых, а застацца дома і быць там настолькі доўга, наколькі гэта магчыма. Не магу не адрасаваць словы падзякі Валянціне Міхалевіч, якая доўгі час аказвала паслугі сястры міласэрнасці ў Варапаеве.
У Беларусі з 8 мая па 8 чэрвеня праводзіцца месячнік Чырвонага Крыжа. Валанцёры арганізацыі ў гэты час яшчэ больш актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, спяшаюцца да адзінокіх і сваёй міласэрнасцю робяць іх жыццё больш светлым і радасным.
Анна Анішкевіч