З гісторыі
Па звестках энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», Белькі вядомыя з канца XVIII стагоддзя ў складзе Ашмянскага павета Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага як вёска Белкі ў маёнтку Белае ва ўладанні Тызенгаўза. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) — у складзе Расійскай імперыі. Па перапісе 1897 г., 38 двароў, 195 жыхароў. Працавала школа граматы, быў прыватны фельчар. У 1905 г. 153 жыхары, апрацоўвалася 182 дзесяціны зямлі. У 1909 г. 10 двароў, 40 сем’яў, 242 жыхары. Сяляне ўваходзілі ў Полаўскае сельскае таварыства. У 1918 годзе акупіравана германскімі войскамі, у 1919-м — польскімі. З 1921-га па 1939-ы знаходзілася ў складзе Польшчы.
Што да сучаснасці, то, па звестках энцыклапедыі, у 1970 годзе ў Бельках было 75 двароў і 221 жыхар, меліся сярэдняя школа, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне паштовай сувязі, швейная майстэрня, магазін. У 1996-м — яшчэ і міліцэйскі ўчастак, АТС, філіял ашчаднай касы, клуб. Белькі былі цэнтрам калгаса «Зара» і сельскага Савета.
Зараз у вёсачцы ўсяго 23 пастаянныя жыхары і 5 дачнікаў.
Ехалі забраць, але засталіся самі
Я тут нарадзілася, вырасла, выйшла замуж, выгадавала дзяцей, тут і паміраць буду, — катэгарычна заяўляе найстарэйшая жыхарка вёскі — 94-гадовая Лідзія Анатольеўна Брэская. А потым успамінае, як мянялася ўлада і ёй давялося вучыцца ў польскай, беларускай, нямецкай школе, колькі радасці было для людзей, калі скончылася Вялікая Айчынная вайна, як дружна працавалі ў калгасе. Яна хадзіла ў паляводства, а пры патрэбе давала водпускі жывёлаводам. А дома прала, ткала, шыла, вышывала.
— 20 гадоў назад памёр наш тата. А мама з роду доўгажыхароў, — расказвала дачка Тамара. — Яе бацькі не стала ў 100-гадовым узросце, маці — у 90-гадовым. Калі маму стала падводзіць здароўе, мы з мужам вырашылі забраць яе да сябе ў Барысаў. Але яна не згадзілася, і мы засталіся ў вёсцы. Асабліва падабаецца тут мужу, бо ён заўзяты рыбак і грыбнік. Мне хапае клопатаў з хатнімі справамі і агародам.
Лідзія Анатольеўна не можа нарадавацца, што дачка і зяць побач з ёй, ахінаюць клопатам і ўвагай. Наведваецца з Наваполацка сын Віталій. Што да далейшага працягу роду, то гэта 5 унучак (усе атрымалі вышэйшую адукацыю), 5 праўнучак і 2 праўнукі.
На тое і старэйшына
Такая гэта «пасада», каб ведаць усіх і ўсё. Не гарыць ліхтар на вулічным слупе, не расчышчана дарога ад снегу, зламала бура дрэва або ў вёсцы здарылася што іншае, старэйшына звяртаецца ў сельскі Савет ці ў адпаведныя раённыя службы — і пытанне вырашаецца.
У Белькі Ванда Брэская, ураджэнка суседняга з нашым, Шаркаўшчынскага, раёна трапіла ў 1970 годзе па накіраванні пасля заканчэння Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума. Працавала ў бухгалтэрыі калгаса «Зара». Тут сустрэла свайго суджанага. Пётр з’яўляўся калгасным аграномам. Стварылі сям’ю, выхоўвалі сына і дачку.
Жаночае шчасце абарвалася ў адзін момант. Вандзе было ўсяго 42, калі муж разбіўся на матацыкле. Іх дачка Алёна тады заканчвала 10 клас, сын Віктар служыў у арміі. Дэмабілізаваўшыся, не захацеў пакідаць маці і пайшоў працаваць у Варапаеўскую дыстанцыю пуці. Дачка скончыла Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум, потым завочна Полацкі ўніверсітэт. Працуе галоўным бухгалтарам на прыватным прадпрыемстве ў Паставах.
— А зараз зойдзем да Раісы Нігурэй, — прапанавала мне чарговую кандыдатуру для фотаздымка старэйшына. — Мы з ёй працавалі ў калгаснай бухгалтэрыі.
— Даўно ты ў мяне не была, Вандачка. Заходзь часцей! — радасна сустрэла Раіса Сяргееўна сваю былую калегу.
А мне 84-гадовая гаспадыня расказала, што разам з мужам будавалі прасторную хату, бо ў сям’і былі тры сыны. Але яны выраслі і раз’ехаліся хто куды: Віктар — у Мінску, Юра — у Расіі, Сяргей — у Паставах. Даўно не стала мужа — і хата апусцела. Падвяло здароўе: перанесла інсульт, перахварэла на каранавірус, і гэта не прайшло бясследна.
Сталіца нават не сніцца
Мінчанін Віктар Бычык пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Белькі 6 гадоў назад, убачыўшы ў інтэрнэце аб’яву пра продаж дома. Кажа, што шукаў хутар, а гэта вёсачка мала чым адрозніваецца ад яго.
— Я нарадзіўся і вырас на Палессі, але пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС мае родныя мясціны забрудзіла радыяцыя, — расказваў ён. — Шмат гадоў жыў і працаваў у Мінску, там засталіся мае жонка і дачка. Яны цалкам гарадскія жыхары. А я так і не прывык да сталіцы. Тут жа для мяне раздолле — цішыня, спакой, лес, рыбалка. Адным словам, усё, чаго не хапала ў Мінску.
Віктар не толькі наталяецца прыродай, але і працуе як на ўласным падвор’і, так і ў ААТ «Кураполле-агра»: на УАЗіку дастаўляе на працу і дадому жывёлаводаў. Дарэчы, і ў саміх Бельках ёсць ферма, на якой утрымліваюцца цялушкі. На ёй працуюць муж і жонка Алена і Уладзімір Купрыяновічы. На жаль, іх не было дома — пасвілі статак недзе ў полі.
Дваім адзінота не пагражае
Галіна Мышко 50 гадоў пражыла ў шчаслівым шлюбе, з мужам Анатолем выхавалі дзвюх дачок і сына. Але 8 гадоў назад Анатоля скасіў інсульт.
— Бацькоўскі дом на водшыбе вёскі, лічы, на хутары, і мы вельмі перажывалі за маму, — расказвала дачка Святлана. — Да таго ж на яе руках заставалася ляжачая маці, якую яна дагледзела да апошніх дзён — памерла на 98-м годзе. Калі мама засталася адна і яе паклікаў жыць да сябе аднавясковец Аляксандр Мікалаевіч Януш, які таксама аўдавеў, мы з сястрой і брат былі не супраць.
А сама Галіна Пятроўна прызнаецца:
— Я саромелася ў такім узросце мяняць жыццё, але ўсё ж такі рашылася і ніколькі не шкадую пра гэта.
У жніўні будзе 4 гады, як яны разам — гаспадар з вялікай літары і адмысловая гаспадыня. У доме і ля яго ўзорны парадак, пра што сведчыць і адпаведная таблічка, прымацаваная на будынку. Мноства кветак буяе з ранняй вясны да позняй восені, у тым ліку і любімыя ружы памерлай жонкі Аляксандра Глафіры. На панадворку і ў кветніках — розныя фігуркі, зробленыя рукамі Мікалаевіча. У кірмашовыя дні ці ў рэлігійныя святы ён заводзіць свае старэнькія, але дагледжаныя жыгулі і едзе з Пятроўнай у Варапаева на рынак або ў царкву.
— З вялікай павагай мама і Аляксандр Мікалаевіч адносяцца адно да другога, — гаварыла Святлана. — Нам прыемна наведвацца да іх, радасна бачыць, што ўсё ладзіцца. І праца, і ўспаміны ў іх агульныя, бо жыццё абодвух прайшло ў адной вёсцы.
На бацькоўскай сядзібе
Даведаўшыся, што я з рэдакцыі раённай газеты, Алена і Аляксандр Нямірскія адзначылі, што выпісваюць і любяць «Пастаўскі край». А Алена Іванаўна як філолаг па адукацыі да таго ж прафесійна аналізуе публікацыі.
Пастаянна сямейная пара жыве ў Наваполацку. Алена працавала на прыватным экалагічным прадпрыемстве, Аляксандр — на «Паліміры». Кожны водпуск яны праводзілі на сваёй радзіме, у Бельках. Зараз, калі абое ўжо на пенсіі, плануюць знаходзіцца тут усё лета, а можа, нават і на зіму застацца. Дом Аленіных бацькоў дагледжаны, у ім зроблены рамонт. І дома, і на падвор’і пастаянна падтрымліваецца парадак. А саміх старэйшых гаспадароў ужо няма на гэтым свеце.
— Калі б тата ўстаў і ўбачыў, што стала з вёскай, у яго не вытрымала б сэрца, — з болем гаварыла Алена. — У нас жа было столькі жыхароў, у тым ліку моладзі! Спачатку працавала васьмігодка, пасля яе зрабілі сярэдняй школай. Тата працаваў дырэктарам, мама — настаўніцай. Калі дзяцей стала менш, зноў перавялі ў васьмігодку, а праз гады і зусім закрылі. Зараз ля яе запусценне.
Але ўсё роўна родныя мясціны дарагія сэрцу, а на бацькоўскім падвор’і хораша і папрацаваць, і адпачыць. У выхадныя любіць прыехаць з Наваполацка да бацькоў у вясковую лазеньку і на шашлык дачка Віка.
Паўтарыцца ў дзецях
Пра Алу Курыловіч наша газета пісала тры гады назад. Указам Прэзідэнта Беларусі ад 26 лютага 2021 года яна была ўдастоена ордэна Маці. Высокая ўзнагарода парадавала і расчуліла жанчыну, якая нарадзіла і выхавала шасцярых дзяцей. Прычым практычна адна: з першым мужам разышлася, другі раптоўна памёр, калі малодшаму сыночку, Жэню, ішоў толькі чацвёрты год.
Працавала аператарам машыннага даення, трымала вялікую ўласную гаспадарку, прывучала да работы і самастойнасці дзяцей. Толькі Жэня яшчэ школьнік, а пяцёра ўжо знайшлі сваё месца ў жыцці. Саша жыве ў Бельках, працуе на ферме, Алеся — у Мінску, у рэдакцыйна-выдавецкай установе «Веснік Белнафтахіма». Дзіма і Максім набылі прафесію будаўніка, Аксана — прадаўца.
— Няма большага шчасця, чым мацярынства, — заключае Ала Іванаўна. — Кожнае дзіця было жаданым, усіх аднолькава люблю і жадаю найлепшай долі. Ведаю, што і я дарагая сваім сынам і дочкам. Я трывожуся за іх, яны — за мяне.
Хіба з рыдлёўкай…
Нізашто не буду фатаграфавацца, — замахала рукамі Леаніла Лысёнак. — Вы ж бачыце, што я ў рабочым адзенні, саджу бульбу.
— Дык гэта ж якраз для газеты: вёска працуе. Часу ў вас я шмат не забяру, — угаворваю жанчыну, а старэйшына актыўна дапамагае ў гэтым. І Леаніла Фёдараўна «здаецца»: «Ну, калі ў агародзе і з рыдлёўкай, то няхай сабе».
Яна 20 гадоў адпрацавала ў калгасе даяркай, таксама даглядала цялят. Нарадзіла трох сыноў. Сяргей зараз у Расіі, Дзіма і Андрэй — у роднай вёсцы.
— Ты ж скажы, Лёля, што твой Дзіма летась заняў першае месца ў раёне на ворыве зябліва, — падказвае старэйшына. — Пра гэта ў газеце пісалі.
— Ён працуе ў «Дунілавічах-агра» на трактары і на камбайне, — працягвае Леаніла Фёдараўна. — Я яго амаль не бачу. А палове шостай машына забірае, а вяртаецца дадому каля дзесяці гадзін вечара.
Як маці яна перажывае, што сыны не маюць сем’яў, ды і сама 17 гадоў назад развялася з мужам. Хоць і жывуць у адной вёсцы, але адносін не падтрымліваюць.
Фаіна Касаткіна