ААТ «Камайскі-агра» сёлета набыў новую сеялку вытворчасці Ціраспальскага агратэхсэрвісу для сяўбы кукурузы. Сучасны агрэгат дазволіць хлебаробам якасна і ў тэрмін завяршыць веснавую сяўбу. Даверылі сеялку маладому механізатару Дзмітрыю Яркоўскаму.
— У нас цяпер усе тры Яркоўскія — сеяльшчыкі, — расказвала галоўны аграном гаспадаркі Аксана Касякова. — Самы вопытны — Іван Часлававіч. На яго раўняюцца сыны Аляксей і Дзмітрый. Маладыя хутка асвойваюць усё новае. Спадзяёмся, што ў Дзімы ўсё атрымаецца, праблем з эксплуатацыяй кукурузнай сеялкі не ўзнікне.
Кукуруза ў «Камайскім-агра» зойме 1 100 гектараў. Пад яе адведзены найлепшыя землі, уносіцца арганіка. Першыя гектары засеялі ў пачатку мая. А потым зноў перашкодзіў дождж.
— Шкада, што работа ў полі залежыць ад надвор’я, — гаварыў Дзмітрый Яркоўскі. — Сёлетняя вясна не радуе: то снег выпадзе, то задажджыць. У тэхналогіі вырошчвання любой культуры дробязей не бывае. Не выключэнне і кукуруза. Разумею, што ад якасці маёй работы напрамую залежыць будучы ўраджай. Таму дасканала вывучыў сеялку, апрабаваў яе ў рабоце. Здаецца, толькі разгарнуўся, як надвор’е націснула на стоп-кран. Адчапіў сеялку, а на трактары пераключыўся на іншыя работы. Падсохне глеба — зноў займуся сяўбой каралевы.
Пасля вучобы ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы Дзмітрый без ваганняў уладкаваўся ў ААТ «Камайскі-агра», дзе працуюць бацькі і старэйшы брат. У іх вучыцца дысцыплінаванасці, адказнасці. Сяўбу Дзмітрыю даверылі ўпершыню, але не сумняваюцца, што з новым заданнем ён справіцца паспяхова.
Вытворчасць сеялак для сяўбы кукурузы Ціраспальскі агратэхсэрвіс пачаў летась, а сёлета першыя агрэгаты ўжо паступілі ў гаспадаркі Віцебскай вобласці.
Анна Анішкевіч