У жыцці кожнага дзіцяці наступае перыяд сталення. Ён вельмі няпросты як для яго самога, так і для бацькоў. У 14-17 гадоў хлопчыкі і дзяўчынкі, сацыялізуючыся, стараюцца прадэманстраваць сваю даросласць і незалежнасць. У той жа час зніжаецца іх стрэсаўстойлівасць, яны нават без прычыны могуць раздражніцца, успыліць, зрабіць неабдуманы ўчынак.
Вельмі важна, каб у перыяд станаўлення юнай асобы побач з ёй аказаўся мудры і аўтарытэтны чалавек. Гэта могуць быць не толькі бацькі, іншыя родныя, але і староннія паважаныя людзі. З іх ліку і дырэктар Пастаўскага краязнаўчага музея Аляксандр Кузняцоў. Менавіта з ім па ініцыятыве камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама была арганізавана сустрэча ўдзельнікаў клуба «Падлетак». Яна праходзіла ў музеі, і Аляксандр Іванавіч найперш пазнаёміў прысутных з экспазіцыямі. Асаблівую ўвагу звярнуў на залу, прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне, пранікнёна гаварыў пра сыноў і дачок пастаўскага краю, якія мужна абаранялі Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, заклікаў свята захоўваць памяць пра іх і быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.
Паказальная біяграфія і самога Аляксандра Кузняцова. Ён, вясковы хлопец, спачатку скончыў Аршанскае педагагічна-індустрыяльнае вучылішча, а потым гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта, служыў у войсках стратэгічнага прызначэння, настаўнічаў, у тым ліку 20 гадоў з’яўляўся дырэктарам сельскай, а пазней пастаўскай гарадской школы. Уваходзіць у склад наваполацкага пошукавага атрада «Разведчыкі воінскай славы», актыўна займаецца пошукавай работай, устанаўлівае імёны загінулых у Вялікай Айчыннай вайне.
Хіба не прыклад для пераймання? Слухаючы Аляксандра Кузняцова, напэўна, кожны з падлеткаў рабіў для сябе вывады. А завяршыў сустрэчу ён такім словамі: «Вы самі ствараеце свой лёс. Дакладна вызначце прыярытэты. Не марнуйце дарэмна час. Вучыцеся на чужых памылках, а не на сваіх, і ў вас усё атрымаецца».
Фаіна Касаткіна