Менавіта з такімі эмоцыямі штогод сустракаюць Дзень Перамогі былыя малалетнія вязні фашызму. Іх дзяцінства было абпалена полымем Вялікай Айчыннай, яны разам з бацькамі зведалі ўвесь цяжар няволі на варожай чужыне. А зараз, напэўна, больш за іншых радуюцца мірнаму небу над галавой.
На тэрыторыі Курапольскага сельсавета пражывае сем былых непаўналетніх вязняў: Праскоўя Гіль, Надзея Дудкова, Зоя Гушча, Таісія Лапушынская, Валянціна Бабушкіна, Яўгенія Сідаровіч, Аляксандра Гінько. Напярэдадні Дня Перамогі да іх наведаліся старшыня Курапольскага сельскага Савета Лілія Гінько, дырэктар ААТ «Кураполле-агра» Сяргей Патаповіч, культработнікі Андронаўскага СДК і ўдзельнікі гурта аўтэнтычнай песні гэтай установы. Нечаканыя госці прыехалі з кветкамі, віншавальнымі паштоўкамі, музыкай і песнямі і стварылі для кожнай жанчыны сапраўднае свята, вельмі расчулілі іх.
— Асабліва хачу падзякаваць кіраўніцтву ААТ «Кураполле-агра» і «Хацілы-агра» за важкія падарункі — прадуктовыя наборы — для былых непаўналетніх вязняў, — гаварыла Лілія Гінько. — Не сумняваюся, што той дзень надоўга запомніцца ўсім. Віноўнікі імправізаваных урачыстасцей радаваліся праяўленай да іх увазе, а нам было прыемна сустрэцца з імі, выслухаць іх гісторыі, пажадаць моцнага здароўя і ўсяго найлепшага ў жыцці.
Фаіна Касаткіна
Фота даслала Лілія Гінько