Чэмпіянат Беларусі па футболе
ФСК «Паставы»–ФК «Міёры-1» – 1:1
Урачыстае адкрыццё нацыянальнага першынства пачалося на гарадскім стадыёне з выступлення ансамбля барабаншчыц. Ігракоў, суддзяў, трэнераў і шматлікіх гледачоў прывітаў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, які таксама перадаў нашай камандзе новую форму. Пад гукі гімна капітаны каманд узнялі Дзяржаўны флаг Беларусі, і пачаўся захапляльны напружаны матч.
У першым тайме сапернік займеў адчувальную перавагу. Экс-ігрок БАТЭ і зборнай Беларусі Філіп Рудзік умела кіраваў гульнёй. Тройчы нашы абаронцы і варатар адводзілі пагрозу ад сваіх варот. А на 13-й хвіліне нападаючы міёрцаў Вадзім Шокель нарэшце застаўся без апекі і магутным стрэлам у верхні вугал варот адкрыў лік — 0:1. Толькі перад перапынкам пастаўчане крыху выраўнялі гульню і нават маглі адыграцца. Але заключнаму ўдару Уладзіміра Камісарчука не хапіла дакладнасці, а стрэл з убойнай пазіцыі Кірыла Цыўнеля перавёў на вуглавы найвопытнейшы галкіпер Ігар Даўгяла.
На другі тайм сапернік выйшаў з чатырма новымі ігракамі. Нашай камандзе спачатку зноў было цяжка, два разы пастаўчане выбівалі мяч з лініі пустых варот. Паступова запал міёрцаў спаў. Пастаўчане правялі серыю замен і сталі востра атакаваць. Быў блізкі да поспеху цэнтрфорвард Герман Чалей, але прайграў рандэву з варатаром саперніка. На 77-й хвіліне апорнік Павел Пучынскі адабраў у цэнтры поля мяч і дакладнай перадачай вывеў на ўдарную пазіцыю Андрэя Вілейту, якога збілі ў штрафной пляцоўцы.
Прызначаны пенальці тэхнічна прабіў Герман Чалей і аднавіў лік на табло — 1:1. У драматычнай канцоўцы нашы зноў маглі вызначыцца, але другі іх гол суддзі адмянілі, зафіксаваўшы становішча «па-за гульнёй». У дадатковы час міёрцы падалі тры вуглавыя запар, аднак вырваць перамогу не змаглі. Важкага нічыйнага выніку дома дабіліся Мацкевіч, Маршын (к), Голубеў, Рогач, Касенка, Кундра (Давідоўскі), Звяруга (Пурлан), Цыўнель (Пучынскі), Кабяк (Каралёнак), Камісарчук (Вілейта), Чалей.
Вынікі іншых сустрэч групы «А»: «Ураджай» (Ноўка)—«Газавік» (Віцебск) — 1:6, «Гарадоцкія львы»—«Полацк-2019» — 3:2. ФК «Сянно» стартавы тур прапусціў.
Пастаўчан чакаюць два матчы ў Гарадку і Полацку, а на сваім полі 22 чэрвеня яны згуляюць з віцебскім «Газавіком».
P.S. Вынік матча можа быць перагледжаны, бо за міёрцаў згуляў футбаліст, які не адбыў леташнюю дыскваліфікацыю.
Уладзімір Шык