У мінулую суботу ў раённым Доме культуры адбылася ўрачыстасць. Яна была прысвечана 30-годдзю стварэння мясцовай валейбольнай каманды «Атлант», двухразовага чэмпіёна Беларусі ў 1-й лізе і шматразовага прызёра такіх спаборніцтваў у другім па сіле айчынным дывізіёне.
Як можна не любіць валейбол? Гэтым відам спорту на планеце займаецца ажно мільярд чалавек, не лічачы прафесіяналаў. А пра тое, як масавы валейбольны рух зараджаўся на пастаўскай зямлі, прысутныя ў зале даведаліся з відэафільма, падрыхтаванага мясцовым тэлебачаннем. Першымі пасля вайны на адкрытых пляцоўках валейболам пачалі актыўна займацца вайскоўцы, а для авіятараў гэта гульня стала неабходнай для баявой падрыхтоўкі, бо паляпшае каардынацыю, павялічвае хуткасць мыслення і рэакцыі. Папулярнасць дадзенага віду спорту хутка расла сярод моладзі. І ў 1964 годзе ў Пастаўскай ДЮСШ адкрылі аддзяленне валейбола.
Ля яго вытокаў стаялі такія спецыялісты і энтузіясты, як Анатоль Вашчанка, Іван Шарабайка, Валянцін Жагула, Аляксандр Бучнеў, Мар’ян Кухальскі, Вячаслаў Мілецін і іншыя. Пастаўскі выкладчык фізкультуры Леанід Жук стаў суддзёй усесаюзнай катэгорыі, яго найлепшыя выхаванцы загулялі ў камандах майстроў. Ганарова, што ў свой час пастаўская школа валейбола мела адразу трох ігракоў нацыянальнай мужчынскай зборнай Беларусі. Вітаючы ўдзельнікаў урачыстасці, старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік прызнаўся, што пасля пераезду ў наш горад з 1992 года рэгулярна пачаў прыходзіць на гульні пастаўчан, радавацца іх поспехам на рэспубліканскай арэне. Па яго словах, наш валейбол — гэта адна вялікая і дружная сям’я, яна стала адной з візітных картак Пастаўшчыны, а самі валейбалісты з’яўляюцца прыкладам для падрастаючага пакалення.
Перад тым як заявіцца гуляць у чэмпіянаце краіны, наша каманда выйграла абласное першынство і з сезона 1993/1994 года застаецца адзіным нязменным удзельнікам турніру высокага ўзроўню. Кіраўнік раёна паабяцаў і надалей падтрымліваць каманду, уручыў падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі тым, хто стаяў ля вытокаў стварэння нашай валейбольнай школы. Сваімі ўспамінамі пра мінулае, перамогі і няўдачы мясцовых валейбалістаў падзяліліся былы галоўны трэнер і начальнік аддзела фізічнай культуры і спорту райвыканкама Васіль Захарэвіч, Іван Аніськовіч, пры якім пры райаддзеле міліцыі была створана наша першая каманда пад назвай «Дынама», якая гуляла нават у Францыі.
Пра многае ўзгадвалі на свяце Леанід Жук, трэнер Генадзь Савосін, Андрэй Клімюк, які першым загуляў у чэмпіянаце СССР.
Пад гучныя апладысменты гасцей вялікая група ігракоў наступнага пакалення, якая з 2010 года на працягу чатырох сезонаў па два разы выйгравала «золата» і «серабро», атрымала каштоўныя падарункі. Дарэчы, паўторна чэмпіёнамі краіны пастаўчане сталі датэрмінова, у той год яны выйгралі 32 з 38 праведзеных матчаў і толькі ў адным засталіся без набраных ачкоў. Прыемна, што і сёння мы маем вельмі моцную каманду, якая пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Паўла Вавінскага здольная штурмаваць новыя спартыўныя вяршыні.
Атрымалася прыгожае, шчырае свята з мноствам канцэртных нумароў і цёплых слоў. Урачыстасць завяршылася, а пастаўскі валейбол жыве і будзе развівацца далей і, спадзяюся, парадуе новымі слаўнымі перамогамі.
Больше фото в группах в ОК и ВК
Уладзімір Шык
Фота Наталлі Налей