Мерапрыемства, прысвечанае Дню Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага флага і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, прайшло 12 мая на Камсамольскай плошчы райцэнтра. На ўрачысты рытуал ушаноўвання дзяржаўных сімвалаў сабраліся прадстаўнікі органаў раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый і навучальных устаноў.
Вядучыя мерапрыемства Таццяна Карпава і Валерый Жук’ян засяродзілі ўвагу на тым, што чырвоны колер на флагу — гэта колер сцягоў Чырвонай арміі і беларускіх партызан, сімвал крыві, пралітай за Айчыну. Зялёны — колер прыроды, ураджайных лугоў і палёў, сімвал дабра, міру. Белы асацыіруецца са свабодай, чысцінёй і мудрасцю.
Сваё значэнне мае і кожны элемент на гербе. Контур дзяржаўнай граніцы Беларусі, пяціканцовая зорка, вянок са спелых каласоў, упрыгожаны кветкамі льну і канюшыны, абвіты стужкамі колераў Дзяржаўнага флага. Усё гэта сімвалізуе адзінства беларусаў, багацце, якое здабываецца шчырай і сумленнай працай жыхароў краіны. Дзяржаўныя сімвалы — найважнейшыя атрыбуты суверэнітэту Беларусі. Яны аб’ядноўваюць гераічнае мінулае нашага народа, яго сучасныя дасягненні і імкненне да шчаслівай будучыні.
Яшчэ да пачатку ўрачыстасці глядзела на вучняў, якія трымалі ў руках піянерскія гальштукі, і ўспомніла свае школьныя гады. Аднаго разу мы, піянеры Лукашоўскай сярэдняй школы, ездзілі ў Манькавічы на сустрэчу з заслужанай настаўніцай БССР Ганнай Пашкевіч, якая падчас Вялікай Айчыннай вайны ўратавала чырвоны сцяг. Перад пачаткам вайны яна, ураджэнка Мядзельшчыны, скончыла настаўніцкія курсы і прыйшла на работу ў Прамышлядскую пачатковую школу нашага раёна. Актыўна ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах, што ладзілі мясцовыя камсамольцы. Калі немцы наблізіліся да вёскі Навасёлкі, дзяўчына забегла ў хату-чытальню, зняла са сцяны сцяг, абвіла яго вакол сябе, наверх апранула спадніцу і такім чынам вынесла палотнішча ў бяспечнае месца. Пазней змясціла яго ў збанок і закапала ў лесе. А калі сустрэлася з камандзірам партызанскага атрада «Слава» Васіліем Асяненкам, перадала яму сцяг, сама стала сувязной.
Сучасныя дзяржаўныя флаг, герб і гімн з’яўляюцца сімваламі спартыўных, творчых і працоўных перамог. Беларусы адносяцца да іх з вялікай пашанай.
Бываючы ў гаспадарках раёна, бачу ў кабінах трактароў, аўтамабіляў беларускі флаг. Многія механізатары мацуюць яго звонку. І развяваецца ён на ветры, азначаючы, што гаспадар тэхнікі ганарыцца сваёй краінай. Прычым робяць гэта не толькі людзі больш сталага ўзросту, але і маладыя. Менавіта членам БРСМ на свяце быў аказаны гонар вынесці на Камсамольскую плошчу Дзяржаўны флаг і Дзяржаўны герб. А Дзяржаўны гімн выканалі ўдзельнікі хору дзіцячай мастацкай школы імя А. Тызенгаўза. У адзін голас з імі спявалі і ўсе прысутныя.
Пастаўчан і гацей горада павіншаваў са святам старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў. Члены Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў прынеслі клятву на вернасць дзяржаўным сімвалам, падчас якой запэўнілі, што пераймаюць эстафету па захаванні і ўмацаванні беларускай дзяржаўнасці, гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за будучыню Беларусі. У гэты святочны дзень у рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі ўступілі новыя піянеры з гарадскіх школ. Піянерскія гальштукі ім павязалі ўдзельнікі хору ветэранаў.
Тэматычным было выступленне юных артыстаў. Святочнаму настрою спрыяла і па-сапраўднаму веснавое надвор’е.
Анна Анішкевіч