Для Геннадия и Любови Ивко 9 мая — двойной праздник: День Победы и годовщина бракосочетания

Общество

Для Генадзія і Любові Іўко 9 мая — двайное свята: акрамя ўсенароднага Дня Перамогі, яшчэ і гадавіна іх шлюбу.

Сёлета — шасцідзясятая! Яны пажаніліся ў далёкім 1964-м, калі вучыліся ў Данецкім медуніверсітэце. Люба паступіла ў яго, выдатна скончыўшы медвучылішча, Гена — пасля тэрміновай службы ў арміі. Яна — украінка, ён — беларус, нарадзіўся і вырас у суседнім з нашым, Глыбоцкім, раёне. Абое — дзеці вайны, зведалі яе жахі.

— Мы распісваліся 9 мая. Тады гэты дзень яшчэ быў рабочым, — успамінае Любоў Рыгораўна. — Наша вяселле было небагатае, але вясёлае, на яго запрасілі аднакурснікаў. Сямейнае жыццё пачыналі ў студэнцкім інтэрнаце. Там я і першынца нарадзіла. Алежка з’явіўся на свет вельмі слабенькім. Баяліся, што можам яго стра­ціць. Аднак выхадзілі! Прыехала на дапамогу мая мама, бо я яшчэ заканчвала інстытут.

Праз год пасля Любові атрымаў дыплом і Гена­дзій. Паколькі ён вучыўся па накіраванні, то абавязаны быў вярнуцца ў Беларусь. У 1966-м маладая сям’я трапіла ў Паставы. Генадзія гэта радавала, бо блізка жылі бацькі, іншая радня, а Любоў прывыкала да новага месца цяжка. Наш гарадок ва ўсіх сэнсах уступаў прамысловаму Данецку. Яшчэ горш, што яе арганізм адмоўна рэагаваў на іншы, чым ва Украіне, клімат. Але ў рэшце рэшт да ўсяго прывыкла. Галоўнае, што побач быў любімы муж, нарадзілася дачушка Таня.

Для Геннадия и Любови Ивко 9 мая — двойной праздник: День Победы и годовщина бракосочетания

Знайшлося і прымяненне ведам, якія яны набылі ў інстытуце. 30 гадоў абое адпрацавалі ў раённай санстанцыі: Генадзій Іванавіч — галоўным урачом, Любоў Рыгораўна — урачом па агульнай гігіене, пазней — загадчыцай лабараторыі, а пасля дасягнення пенсійнага ўзросту — яшчэ 10 гадоў у сырцэху ў «Салаўіным гаі».

— Сям’я — гэта самае дарагое, што ёсць у чалавека, — гаварыла Любоў Іўко. — Годнымі выраслі нашы дзеці, шасцёра ўнукаў. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, толькі меншы яшчэ заканчвае школу. А як сын і дачка клапоцяцца пра нас! Алег кожны дзень наведваецца. Калі я тры месяцы назад зламала шыйку сцягна і трапіла ў бальніцу, дачка адразу ж узяла водпуск і была ў нас, пакуль я не выпісалася.

Дарэчы, Любоў Рыгораўна пасля такой складанай траўмы стала на ногі. «Я — медык, — гаварыла. — І добра ведаю, як важна выконваць рэкамендацыі ўрачоў. Не залежвалася, прытрымліваюся правільнага харчавання, займаюся гімнастыкай. І як бачыце, паціху хаджу».

На развітанне прашу суразмоўцаў даць параду маладым, як захоўваць сем’і. На што Генадзій Іванавіч, пяшчотна гледзячы на сваю палавінку, гаворыць: «У кожнай сям’і штосьці сваё, і людзі самі павінны прымаць рашэнні. Адно скажу: трэба ведаць, каго бярэш за мужа ці жонку».

А іх сын Алег пазней расказваў мне, што маці і бацька па характары такія розныя, як агонь і вада, але праз усё жыццё з павагай і любоўю адносіліся адно да другога, заўсёды былі прыкладам для яго і сястры, пастаянна ім дапамагалі.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.