Чэмпіянат Беларусі па футболе. У Прыдзвінні сфарміравалі тры новыя падгрупы

Спорт и туризм

У абноўленым фармаце

У сярэдзіне мая адбылася вымушаная рэарганізацыя рэгіянальнага этапу першынства краіны сярод каманд 2-й лігі Віцебшчыны. Калі раней у ёй гулялі па 10-12 калектываў з райцэнтраў, то сёлета іх колькасць падвоілася, аднак навічкі з-за сваёй нявопытнасці пакуль церпяць разгромныя паражэнні. У выніку на мінулым тыдні ў Прыдзвінні сфарміравалі тры новыя падгрупы ў залежнасці ад узроўню майстэрства — «А», «В» і «С». Далей праводзіць чэмпіянат вобласці будзе абласная федэрацыя футбола сумесна з упраўленнем спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.

Каманда ФСК «Паставы» трапіла ў элітную першую групу «А». Акрамя нас, за медалі і дзве пуцёўкі ў фінальны рэспубліканскі раўнд пазмагаюцца таксама чэмпіён «Газавік» (Віцебск), сярэбраны прызёр і ўладальнік Кубка вобласці ФК «Міёры-1», абноўлены ФК «Полацк-2019». Гэта тройка спачатку рыхтавалася гуляць у чэмпіянаце пад эгідай АБФФ, а ў мінулую суботу пачала барацьбу ў розыгрышы Кубка Беларусі на стадыі 1/64 фіналу. Палачане на сваім полі ўпэўнена абыгралі (2:0) сталічны «Інфарм». Разам з імі пазмагаюцца за трафей і міёрцы, якія атрымалі валявую перамогу з лікам 3:2 на выездзе ў абласным цэнтры над «Газавіком». Свой заключны спарынг перад стартам сезона пастаўчане правялі ў Глыбокім. Там яны без пяці вядучых ігракоў першымі прапусцілі, але затым разграмілі суседзяў з лікам 13:1.

Чэмпіянат Беларусі па футболе. У Прыдзвінні сфарміравалі тры новыя падгрупы

Нашу каманду чакае складаны, але і цікавы чэмпіянат, бо сярод сапернікаў будуць яшчэ моцныя «Гарадоцкія львы», ФК «Сянно»  і «Ураджай» (Віцебскі раён). Каманда, якая зойме апошняе месца, на наступны сезон апускаецца ў сярэднюю групу «В». У ёй за павышэнне ў класе будуць змагацца клубы з Оршы, Глыбокага, Докшыц, Лепеля, Чашнікаў, Талачына, ФК «Міёры-2». З гэтай падгрупы другая ў першынстве каманда правядзе стыкавыя паядынкі за права гу­ляць у эліце з клубам, які фінішуе на перадапошнім месцы.

Трэцяя група «С» з васьмі новых каманд з Браслава, Бешанковіч, Верхнядзвінска, Дуброўна, Лёзна, Ушач, Шаркаўшчыны і Шуміліна ў сваім турніры будзе набірацца вопыту, змагацца за пераход у групу «В». Паміж сабой каманды-ўдзельніцы згуляюць двойчы (на сваім полі і на выездзе), а нашы футбольны сезон пачнуць заўтра на гарадскім стадыёне з міёрцамі ў 12.30. Жадаем пастаўскім футбалістам удалых матчаў, выступіць не горш, чым у мінулым сезоне.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.