«Гарадоцкія львы»–ФСК «Паставы» – 9:1
На гэты матч пастаўчане паехалі не ў аптымальным складзе. Тым не менш гульня для нашай каманды пачалася ўдала: на 8-й хвіліне яна выйшла наперад. Прастрэльную перадачу перахапіў Уладзімір Камісарчук і пасам вывеў у прарыў цэнтральнага нападаючага Германа Чаляя. Пад вострым вуглом наш цэнтрфорвард наблізіўся да варот і трапна стрэліў — 0:1. На жаль, развіць свой поспех пастаўчане не здолелі.
У сярэдзіне тайма сапернік актывізаваўся і ўзмацніў свой націск. На 28-й хвіліне паслізнуўся наш абаронца, чым скарыстаўся гарадоцкі паўабаронца Кірыл Банькоў — 1:1. Дарэчы, гэты футбаліст даставіў нашым найбольш праблем, бо на працягу гульні вызначыўся яшчэ чатыры разы. Перад свістком на перапынак ён вывеў сваю каманду наперад, а на 51-й хвіліне лік на табло стаў 3:1 на карысць гарадокцаў.
Спробы арганізаваць штучныя афсайды таксама былі няўдалымі. Тры разы ўзяцце нашых варот было даволі сумніўным. Але віцебскія суддзі не зафіксавалі відавочнае становішча «па-за гульнёй». У дадатак пашкоджанне атрымаў вопытны апорнік Рыгор Кабяк, і яго прыйшлося замяніць. У заключныя 15 хвілін у вароты пастаўчан уляцела яшчэ пяць мячоў.
Буйное паражэннне на выездзе пацярпелі Бяляўцаў, Маршын (к), Голубеў, Хараў, Касенка, Ясюковіч, Кабяк, Рогач, Камісарчук, Каралёнак, Чалей. На замену выходзілі Мядзведзеў, Курыловіч, Абалевіч, Тумашэвіч і старэйшы з братоў Жылевічаў.
У другім туры ФК «Сянно» таксама разграміў (7:0) на сваім полі «Ураджай» з Віцебскага раёна. У абласным цэнтры дзеючы чэмпіён — «Газавік» (Віцебск) — перамог (3:1) ФК «Міёры-1». Суцяшэннем для міёрцаў стала тое, што напярэдадні яны прабіліся ў 1/16 фіналу розыгрышу Кубка Беларусі, адолелі дома з лікам 2:1 у дадатковы час ФК «Асіповічы». Наш наступны сапернік з Полацка тур прапусціў. Вынікі іншых сустрэч у групах «В» і «С» такія: ФК «Міёры-2»—ФК «Докшыцы» — 8:0, ФК «Чашнікі»—ФК «Лепель» — 1:1, «Дрывяціч» (Браслаў)—ФК «Бешанковічы» — 4:1, ФК «Шаркаўшчына»—ФК «Верхнядзвінск» — 2:2.
Уладзімір Шык