Заўтра праваслаўныя вернікі будуць адзначаць самае галоўнае для ўсіх хрысціян свята — Уваскрэсенне Хрыстова. Пра падрыхтоўку да яго, сваю дарогу да Бога і выхаванне дзяцей карэспандэнту «ПК» расказвае актыўная прыхаджанка царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў г. Паставы Ірына Казак.
— Ірына Станіславаўна, што значыць для вас вера і як вы прыйшлі да яе?
— Вера — гэта сэнс жыцця, тое, што напаўняе і апраўдвае яго і маё знаходжанне на зямлі. Гэта тое, што глыбока знутры, нешта патаемнае, пра што не хочацца гаварыць на ўвесь голас. Яно дапамагае жыць, асабліва ў складаныя моманты, дае адказы на многія пытанні.
Вера суправаджае мяне з дзяцінства. У нас цікавы край, дзе амаль у кожнай сям’і — і мая не выключэнне — ёсць і католікі, і праваслаўныя. Мой дзядуля па бацьку быў вельмі набожным чалавекам. Ён актыўна ўдзельнічаў у адраджэнні касцёла і стараўся прывіць веру нам, унукам. З малых гадоў вадзіў мяне, а потым і маю малодшую сястру ў касцёл, хоць бацькі хрысцілі нас у праваслаўнай царкве. Увогуле, у маёй сям’і ніколі не было супрацьпастаўлення царквы і касцёла, праваслаўся і каталіцызму. Наадварот, падкрэслівалася, што Бог адзіны, і само гэта слова часта гучала з вуснаў родных.
Калі я падрасла, у мяне з’явіліся пытанні пра сэнс жыцця, і тады цяга да веры стала большай. А сустрэўшы свайго будучага мужа, Віцю, зразумела, што ўсё ў гэтым свеце адбываецца толькі з Божай дапамогай. Безумоўна, у той перыяд мае малітвы былі пра тое, каб склалася сямейнае жыццё. Ну а асаблівую цягу да Бога я і Віця адчулі пасля таго, як даведаліся, што хутка станем бацькамі. Для нас гэта быў цуд — зараджэнне новага жыцця.
— Цяпер у вас з мужам трое дзяцей…
— Так, і яны ўжо дарослыя. Старэйшая дачка, Аня, якой 20 гадоў, заканчвае 4-ы курс Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Калі паступала туды, гаварыла: «Я хачу дапамагаць людзям». Сярэдняй, Тані, 18 гадоў. Яна — першакурсніца педуніверсітэта імя М. Танка, будучы філалог, вывучае беларускую і англійскую мовы. Самаму меншаму, Ваню, на днях споўнілася 16. Ён вучыцца ў політэхнічным каледжы ў Мінску на тэхніка-электрыка.
— Ці наведваюць храм вашы дзеці і муж?
— Віця ў нас католік, пры тым што яго бацька праваслаўны. На службе ён бывае рэдка, сваю безумоўную веру даказвае справамі, хоць у дзяцінстве актыўна ўдзельнічаў у жыцці дунілавіцкага касцёла, хадзіў у нядзельную школу пры ім. Ну а што да дзяцей, то яны з самага нараджэння ў царкве. Хрысцілі мы іх па праваслаўнай традыцыі. Так вырашылі з мужам, і яго бацькі былі не супраць гэтага. Можна сказаць, нашы дзеці выраслі ў храме: з маленства прысутнічалі разам са мной на службах, прычашчаліся, наведвалі нядзельную школу. У царкве яны набылі сабе сяброў па веры і зараз, сустракаючыся, вельмі рады адно аднаму, заўсёды абдымаюцца. Актыўна ўдзельнічаюць і ў злётах праваслаўнай моладзі.
Мне радасна, што і цяпер, выпырхнуўшы з бацькоўскага гнязда, дочкі і сын па меры магчымасці ходзяць у храм, ужо ў Мінску. Аня пры ўсёй яе загружанасці — а, акрамя вучобы ва ўніверсітэце, яна яшчэ працуе медсястрой — як і я, спявае ў царкоўным хоры. У сваім жыцці дзеці, па іх прызнанні, часта заўважаюць Божую дапамогу, яго жывую прысутнасць.
— Як людзі, якія вераць у Бога, вы, напэўна, адзначаеце ўсе праваслаўныя святы. Наколькі важныя для вас іх традыцыі?
— Важныя, стараемся прытрымлівацца, хоць выконваць абсалютна ўсё, як напісана, не выходзіць. Мы жывём жывым жыццём, і калі на дадзены момант не паспяваем прыгатаваць пэўную колькасць страў, а ўжо пара ісці на службу, значыць, пойдзем у храм — гэта першачарговае. А традыцыі прыдумалі людзі, таму тут як атрымаецца. Увогуле, заўсёды стараліся ўсё рабіць разам з дзецьмі. Напрыклад, спячы птушак на дзень памяці сарака Севасційскіх пакутнікаў…
У сваёй сям’і мы адзначаем не толькі праваслаўныя, але і каталіцкія святы. На каталіцкія звычайна едзем да Віцевых бацькоў, а на праваслаўныя яны прыязджаюць да нас у госці. Такія паважлівыя адносіны да веравызнання адно аднаго вельмі збліжаюць.
— А ці прытрымліваецеся посту?
— Так, пасцім. Наколькі строга — залежыць ад абставін. Некалькі гадоў назад я сур’ёзна захварэла. І тады пост для мяне быў зусім не ў адмаўленні ад ужывання пэўных прадуктаў, а ў духоўным ачышчэнні. Яно намнога важнейшае за тое, што ты ясі. Я ніколі не прымушала пасціць сваіх дзяцей, бо прымушэнне — гэта не пра любоў і, адпаведна, не пра Бога. Звычайна ў перыяд посту вару посны супчык, а да яго гатую гарнір і штосьці мясное, рыбнае. Такім чынам, кожны член сям’і можа выбраць, што есці. Але калі дзеці бачаць, што посная ежа можа быць смачнай, пост для іх не з’яўляецца чымсьці цяжкім і страшным. У чым мы заўсёды стараліся і стараемся вытрымліваць яго, дык гэта ў абмежаванні нейкіх забаў, скарачэнні баўлення часу з мабільным тэлефонам. Адарвацца ад мабільніка асабліва складана дзецям. Таму з дзяцінства я размаўляла з імі на гэту тэму, чытала адпаведную літаратуру, падавала ўласны прыклад.
— Раскажыце, калі ласка, як рыхтуецеся да Уваскрэсення Хрыстова і адзначаеце яго?
— Як і іншыя вернікі, ходзім на Богаслужэнні ў храм, наводзім парадак не толькі дома, але і ў сваёй душы і галаве. Для мяне велікодны пост — гэта час цішыні, калі ты ўсвядомлена абмяжоўваеш сябе ад чагосьці знешняга і застаешся сам-насам з сабой. Стараюся больш маліцца, абавязкова спавядаюся і прычашчаюся. Непасрэдна перад святам дастаю ўсе рэцэпты і формы для выпечкі. Планую, што ў які дзень буду рабіць. Але найперш, як ужо гаварыла, служба. Праводзіць у перадвелікодную пятніцу Хрыста, ціха правесці Вялікую суботу, сустрэць у храме светлае Хрыстова Уваскрэсенне — непарушная традыцыя.
Вярнуўшыся раніцай з храма, засцілаю любімым велікодным абрусам святочны стол, за якім збіраецца ўся сям’я. На Уваскрэсенне Хрыстова абавязкова прыязджаюць з Мінска дзеці. Калі яны былі малыя, дапамагалі мне ўпрыгожваць дамашнія кулічы і тварожную пасху. Раніцай у суботу беглі ў двор збіраць траву, а потым прыклейвалі яе на яйкі, якія фарбавалі. Вечарам гэтыя яйкі і свежаспечаныя маленькія кулічыкі неслі ў храм і пасля асвячэння дзяліліся імі з іншымі дзецьмі. Рыхтавалі адно аднаму і салодкія, уласнаручна зробленыя падарункі. Вельмі любілі званіць у званы, што можна рабіць на працягу ўсяго велікоднага тыдня. Прыязджаючы дамоў, звоняць і цяпер. Для іх гэта вялікая радасць. Ваня нават збіраецца паступаць у школу званароў у Мінску.
— Вы — настаўнік не толькі ў агульнаадукацыйнай, але і ў нядзельнай школе пры царкве. Як даўно ў ёй працуеце?
— Ужо 11-ы год. Да гэтага проста вадзіла туды старэйшых дзяцей. А потым Ірына Уладзіміраўна Колесень, якая там выкладала, папрасіла мяне ўзяць на сябе малых. Я ахвотна згадзілася, тым больш што адукацыя мне гэта дазваляе. З таго часу вяду заняткі ў 5—7-гадовых дзетак. З наступнага навучальнага года, як і да пандэміі каранавіруса, у мяне будзе яшчэ адна група дзяцей — 9—10 гадоў.
Работа ў нядзельнай школе — своеасаблівы працяг маёй працоўнай дзейнасці ў СШ №4 імя В. Ф. Франтова. Вельмі радуюся, калі мае пачаткоўцы прыходзяць у нядзельную школу. Прычым не толькі праваслаўныя, але і католікі. І там, і тут мы шмат гаворым з імі пра Бога, часам нават не называючы яго імя.
— Вывучаем Закон Божы, Стары і Новы Запаветы. Стараюся не суха іх выкладаць, а паказаць, што Бог ёсць любоў. І ўсё, што ён стварыў у гэтым свеце, у тым ліку нас з вамі, створана таму, што Усявышні хацеў падзяліцца гэтай любоўю. Таксама даношу да дзяцей тое, што любоў да Бога — гэта і любоў да бліжняга. Таму трэба старацца нікога не пакрыўдзіць, бачыць у іншых людзях вобраз Божы. А яшчэ вучу дзетак радавацца прыгажосці гэтага свету, кожнаму новаму дню, дзякаваць Нябеснаму Айцу за ўсё, што ён нам пасылае, — і добрае, і дрэннае. Адначасова вучуся сама. Перш за ўсё быць цярплівай, стрыманай, не павышаць ні на кога голасу. Вось такая двухбаковая адукацыя.
— Дзякуй, Ірына Станіславаўна, за гутарку. З надыходзячым святам вас! Светлага і радаснага Уваскрэсення Хрыстова!
Гутарыла Алена Шапавалава