95-летие отметил бывший житель деревни Шиловатое Павел Деревянко

Общество

95-ю вясну сустракае былы жыхар вёскі Шылаватае Павел Дзеравянка.

Кожная з вёсен у жыцці Паўла Дзеравянкі была непаўторна прыгожай у прыродзе і насычанай рознымі падзеямі, як радаснымі, так і драматычнымі. Асаблівыя выпрабаванні прынесла Вялікая Айчынная вайна. Восенню 1943-га фашысты ўварваліся ў Шылаватае, палілі хаты, забівалі людзей. Сям’ю Дзеравянка разам з іншымі вяскоўцамі пагналі ў Лынтупы. У дарозе сярод людзей пайшла пагалоска, што іх адправяць у Бухенвальд. Дзеравянкам удалося ўцячы: бацька падкупіў эстонца-паліцая, і той «не заўважыў» уцёку. Вярнуліся на папялішча…

Ужо ў 12 гадоў Паўлік мог і агарод узараць, і сена накасіць. А як любіў коней і ўмеў іх даглядаць! Меў сувязь з партызанамі: на сваім Буланчыку па лясных сцежках дастаўляў ім адзенне, правізію. Акупанты неаднойчы рабілі засады ў балаёўскім лесе, і юнаку цудам удалося пазбегнуць выкрыцця. Затое колькі радасці было, калі дачакаліся вызвалення Беларусі!

95-летие отметил бывший житель деревни Шиловатое Павел Деревянко

У пасляваенны час Павел Дзеравянка 20 гадоў адпрацаваў трактарыстам у калгасе «Ленінскі шлях» і столькі ж — механікам-наладчыкам Навадруцкага будаўніча-мантажнага ўпраўлення. Даўно апусцела Шылаватае. Павел Паўлавіч таксама пакінуў вёску і жыве ў дачкі Аліны ў Фарынаве Полацкага раёна.

— Мінулай восенню не стала нашай мамы, — гаварыла Аліна, выціраючы слёзы. — У каханні і згодзе яны пражылі з татам 68 гадоў. Выхавалі мяне і сястру, далі вышэйшую адукацыю. Я працавала настаўніцай у Полацку, Лукер’я — раённым педыятрам у Міёрах. Бясконца ўдзячныя бацькам за іх любоў і падтрымку.

А сам Павел Паўлавіч узгадаў, што Шылаватае славілася доўгажыхарамі. Па 90 гадоў пражылі яго бацькі. Столькі ж доўжыўся зямны шлях сястры Марыі. Другой сястры, Лікеры, якая жыве ў Беластоку, пайшоў 99-ы год.

Павел Дзеравянка — чалавек глыбокай веры. Па стане здароўя хадзіць у царкву ён ужо не можа. Моліцца дома, рэгулярна гля­дзіць Богаслужэнні па тэлеканале «Саюз». А яшчэ вельмі любіць «Пастаўскі край», падпісваецца на газету і з нецярпеннем чакае кожнага новага нумара (дарэчы, чытае без акуляраў).

Заўтра павіншаваць юбіляра збяруцца дзве дачкі, зяць, чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў. Дасылаю свае віншаванні і я. Здароўя вам і душэўнай раўнавагі, паважаны Павел Паўлавіч!

Юрый Катовіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.