7—9 чэрвеня ў Паставах зноў зазвіняць цымбалы і заспявае гармонік: у горад завітае XXXIV Міжнародны фестываль народнай музыкі.
Як заўсёды, на музычны форум да нас з’едуцца калектывы і індывідуальныя выканаўцы з усіх абласцей Беларусі і замежжа. Запрашэнні на свята адпраўлены ў Расію, асобна — у Рэспубліку Крым, Татарстан і Башкартастан, Латвію, Кыргызстан, Узбекістан, Азербайджан. Таксама кіраўніцтва райвыканкама звярнулася ў Выканаўчы камітэт СНД з просьбай аказаць садзейнічанне ў арганізацыі ўдзелу нацыянальных дэлегацый у мерапрыемствах фестывалю. Адтуль атрыманы адказ, што наша пісьмо накіравана ўсім краінам — удзельніцам Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Сёння свой удзел у свяце народнай музыкі пацвердзілі грамадскае аб’яднанне беларусаў «Уздым» з латвійскага Даўгаўпілса, музычныя калектывы з горада-пабраціма Пастаў — Пушкіна, Карэліі і Казахстана. Несумненна, будуць і іншыя далёкія госці.
3 мая ва ўпраўленні культуры Віцебскага аблвыканкама адбылося пасяджэнне аргкамітэта фестывалю, на якім у ліку іншых пытанняў абмеркавана праграма свята. Яна застанецца традыцыйнай. Але будуць і новыя цікавыя мерапрыемствы. Так, у суботу, 8 чэрвеня, пройдзе абласное свята-конкурс вакальна-інструментальных ансамбляў «ВІАтон», якое ўпершыню праводзілася два гады назад і спадабалася публіцы. Чакаецца прыезд у Паставы і членаў Рускай асацыяцыі мастакоў-пленэрыстаў. На працягу тыдня перад фестывалем яны будуць пісаць тут карціны, а падчас музычнага форуму адбудзецца адкрыццё выставы выкананых імі работ. Па адной карціне мастакі абяцаюць падарыць нашаму гораду да яго 615-годдзя.
Увогуле, фестывальная праграма фарміруецца такім чынам, каб зацікавіць усе катэгорыі насельніцтва — не толькі пажылых і людзей сярэдняга ўзросту, але і моладзь. У першую чаргу для моладзі рыхтуюцца выступленне папулярных эстрадных выканаўцаў і начная дыскатэка. Абавязкова будуць і традыцыйны феерверк, любімае ўсімі фаер-шоу. Чакаем яркіх уражанняў і эмоцый!
Алена Шапавалава