25 мая ў беларускіх школах празвінеў апошні званок. Ён стаў развітальным для выпускнікоў 11 класаў, якіх на Пастаўшчыне 195, і некаторых 9-класнікаў — іх у нас 357. Раніцай у суботу ва ўсіх установах адукацыі прайшлі ўрачыстыя лінейкі, а вечарам 11-класнікі, іх родныя і педагогі сабраліся на плошчы Леніна ў райцэнтры на раённае свята апошняга званка.
З ноткай суму і чыстай слязой
Па традыцыі разам з бацькамі вучняў на школьныя лінейкі завіталі ганаровыя госці: прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі аганізацый і прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, сілавых структур. У СШ №4 імя В. Ф. Франтова, дзе пабывала карэспандэнт «ПК», прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Несцяронак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Смаргонскай пагранічнай групы Ігар Чарняўскі і памочнік начальніка шпіталя — начальнік аддзела ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Ілья Аксенцьеў.
Урачыстасць тут пачалася з прывітання галоўных герояў свята — выпускнікоў 9 «А», 9 «Б» і 11 класаў, якія ў суправаджэнні сваіх класных кіраўнікоў Таццяны Рудзік, Ігара Бабчынскага і Святланы Салавей пад гучныя апладысменты прысутных выйшлі з будынка школы і выстраіліся ў двары. Школьная сцяганосная група ўнесла Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, прагучаў гімн краіны. Затым слова ўзяў дырэктар установы адукацыі Вячаслаў Пякарскі. Ён павіншаваў усіх вучняў, бацькоў і педагогаў з заканчэннем навучальнага года, зазначыўшы, што для 11-класнікаў і часткі 9-класнікаў гэта лінейка — апошняя. Наперадзе ў іх экзамены і паступленне ў абраныя вышэйшыя і сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы, самастойнае дарослае жыццё. Як яно складзецца, залежыць ад саміх выпускнікоў.
Пажадаўшы юнакам і дзяўчатам усяго найлепшага, Вячаслаў Часлававіч уручыў дыпломы выпускнікам — пераможцам розных алімпіяд і конкурсаў. 9-класніца Маргарыта Мацеша атрымала дыплом ІІ ступені абласной алімпіяды па англійскай мове. 11-класнік Раман Сарокін — дыплом І ступені раённага конкурсу эколага-біялагічных работ. Яго аднакласніца Алёна Варановіч — дыплом ІІІ ступені абласнога этапа алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць». Вучаніца 10 класа Аліна Гінявец прымала дыплом і грашовую прэмію за 2-е месца ў раённым этапе конкурсу «Залатое пяро «Белай Русі». Вызначыліся і педагогі. Настаўніца пачатковых класаў Ірына Казак і настаўнік інфарматыкі Ігар Мадвейка перамаглі ў абласным конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт» і ўзнагароджаны дыпломамі адпаведна І і ІІ ступеняў у намінацыі «Кірмаш прафесій».
У цэнтры ўвагі адчувала сябе на лінейцы і член школьнага клуба «Патрыёт» 11-класніца Анастасія Каравацкая. За актыўны ўдзел у мерапрыемствах ваенна-патрыятычнага выхавання, папулярызацыю іміджу органаў пагранічнай службы краіны сярод моладзі Пастаўскага раёна яна атрымала граматы начальнікаў Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і Смаргонскай пагрангрупы, якія ўручыў Ігар Чарняўскі. Ад імя камандавання групы Ігар Дзмітрыевіч павіншаваў усіх школьнікаў з апошнім званком, пажадаў выпуснікам моцнага здароўя і ажыццяўлення намечаных планаў.
Да вучняў выпускных класаў звярнуліся таксама першакласнікі. Яны жадалі старэйшым таварышам роўных жыццёвых дарог, поспехаў і ўдачы, не забываць школьных сяброў, настаўнікаў і гэты апошні званок. Выпускнікі ў сваю чаргу шчыра падзякавалі ўсім педагогам за атрыманыя веды, бацькам — за цярпенне і падтрымку, уручылі любімым педагогам кветкі. Развітваючыся са школай і дзяцінствам, многія 11-класнікі не маглі стрымаць слёз, дрыжэлі іх галасы. І гэта стала самым кранальным момантам на лінейцы.
Уступаючы ў самастойнае жыццё, юнакі і дзяўчаты выпусцілі ў неба, насустрач лёсу, паветраныя шары, а з імі — свае мары і жаданні, станцавалі развітальны вальс на школьным двары. Пасля чаго для іх у апошні раз прагучаў залівісты школьны званок, які далі Раман Сарокін і першакласніца Аня Саўлевіч.
Больше фото в группах в ОК и ВК
Алена Шапавалава
Видео Натальи Налей