У мінулыя выхадныя завяршыўся чарговы нацыянальны валейбольны чэмпіянат у 1-й лізе. На фінальны этап у Гомелі пастаўчане прабіліся з трэцяй прамежкавай пазіцыі. Пры вострай канкурэнцыі яны ў 12-ы раз у сваёй гісторыі выйгралі медалі і ўслед за нашымі футбалістамі сталі бронзавымі прызёрамі першынства.
Прадказальны вынік
«Барысаў-БДУФК-2»–«Атлант» (Паставы) – 3:0
1/2 фіналу. 3:0 (26:24; 25:21; 25:11)
У горад над Сожам нашы прывезлі самы баяздольны склад. На лаўцы запасных пакінулі толькі вопытнага даігроўшчыка Дзмітрыя Багдзеля, які яшчэ не поўнасцю аднавіўся пасля траўмы. А вось сапернік выставіў нават пяць валейбалістаў са сваёй асноўнай каманды з вышэйшай лігі. У такой сітуацыі змагацца на роўных з адным з наймацнейшых прафесійных клубаў краіны атрымалася толькі ў стартавым сэце. Гульня ішла ачко ў ачко, а затым пастаўчане намаганнямі Аляксея Пятрэвіча, Дзмітрыя Грыневіча і віцэ-капітана Аляксея Лабуця перахапілі гульнявую ініцыятыву (15:18). На жаль, развіць поспех не змаглі.
Барысаўчане пасля двух тайм-аўтаў сталі дамінаваць на пляцоўцы, другую партыю выйгралі ўжо на класе. Пастаўчане змірыліся з перавагай больш моцнага саперніка, рашаючы матч сезона чакаў іх на наступны дзень.
У другой сустрэчы фіналу чатырох гаспадар турніру — «Газавік-Гомель» — перамог (3:0) каманду «Віцебскаблгаз».
Праявілі волю і майстэрства
«Атлант» (Паставы)–«Віцебскаблгаз» – 3:0
Матч за 3-е месца. 3:0 (27:25; 25:14; 25:19)
Сапернік сур’ёзна рыхтаваўся да матча з намі, узмацніўся двума валейбалістамі з элітнага дывізіёна. Ключавой стала першая партыя, у якой спачатку мацней гулялі «газавікі». У канцоўцы сэта лік на табло стаў крытычным — 12:20 на карысць «Віцебскаблгаза». На шчасце, у самы напружаны момант пастаўчане не разгубіліся. Запрацаваў іх блок, пачаў набіраць ачкі дыяганальны Андрэй Казлоўскі. Вопытны блакіруючы, кандыдат у майстры спорту Аляксей Пятрэвіч на пару з Аляксандрам Касперам правёў шэраг выніковых атак першым тэмпам. Некалькі эйсаў прынеслі «Атланту» падачамі навылет Аляксей Лабуць, Руслан Мацкевіч і Яраслаў Недзведзь. На задняй лініі ўмела дзейнічаў на пазіцыі лібера капітан каманды Аляксандр Зарэцкі. Дарэчы, ён стаў найлепшым валейбалістам сезона. У выніку нашы не толькі дагналі саперніка, але і абышлі ў напружанай канцоўцы. Пасля такой драматычнай асечкі каманда абласнога цэнтра псіхалагічна зламалася. Толькі ў заключнай партыі віцябчане вярнуліся ў гульню, але нашы гулялі больш упэўнена і неўзабаве перамаглі ў важнай сустрэчы.
Пасля 6-гадовага перапынку бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі па валейболе ў 1-й лізе заваявалі А. Каспер, Я. Недзведзь, А. Канаш, Р. Мацкевіч, Д. Багдзель, А. Пятрэвіч, Д. Грыневіч, А. Казлоўскі, Р. Сімагасціцкі, А. Іўчанка, В. Панавас, А. Зарэцкі, А. Літвіновіч, А. Голуб, К. Пронька, Д. Вырвіч, М. Трава, Л. Лосік. Да важкага выніку каманду прывёў галоўны трэнер Павел Вавінскі разам са сваімі памочнікамі Мікалаем Рамейкам і Уладзімірам Каралём, відэааператарам Эрыкам Касцючэнкам і прэс-сакратаром Інэсай Лабуць.
У рашаючым матчы гамяльчане з лікам 3:0 адолелі барысаўчан і ў трэці раз выйгралі «золата» чэмпіянату краіны.
Уладзімір Шык
Фота даслала Інэса Лабуць