Якую выбраць прафесію і куды пайсці вучыцца? Гэтыя пытанні хвалююць выпускнікоў. Сёння прафесій і спецыяльнасцей шмат. Але заўсёды запатрабаваныя прафесіі, звязаныя з сельскай гаспадаркай.
На Пастаўшчыне галоўнай кузняй кадраў для сельскагаспадарчай вытворчасці з’яўляецца Пастаўскі дзяржаўны каледж. На дзень адчыненых дзвярэй сюды сабраліся навучэнцы гарадскіх і сельскіх школ раёна, гімназіі. Гасцей вітаў дырэктар установы адукацыі Сяргей Шамовіч. Увазе прысутных быў прапанаваны фільм, з якога можна было даведацца пра гісторыю каледжа, сучасныя кірункі дзейнасці і перспектывы яго развіцця, убачыць, як праходзіць навучанне і вольны ад заняткаў час.
Праз год каледжу споўніцца 70 гадоў. Спачатку гэта было рамеснае вучылішча, затым — прафесійна-тэхнічнае. З 2015 года — дзяржаўны каледж. Мяняліся статусы навучальнай установы, але нязменнай застаецца задача — падрыхтоўка кадраў для аграпрамысловага комплексу.
Сёння ў каледжы вучыцца каля 400 навучэнцаў. На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі яны атрымліваюць спецыяльнасці тэхніка-механіка і повара 5-га разраду, на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай — вадзіцеля аўтамабіля, трактарыста-машыніста, кандытара і прадаўца. Навучанне ў каледжы ажыццяўляецца з улікам тэндэнцый развіцця вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Усім выпускнікам гарантавана першае рабочае месца на сельгаспрадпрыемстве ці прадпрыемстве грамадскага харчавання Пастаўшчыны і іншых раёнаў. Той, хто жадае, можа прадоўжыць вучобу ў вышэйшай навучальнай установе.
З наступнага навучальнага года Пастаўскі дзяржаўны каледж пачне рыхтаваць станочнікаў дрэваапрацоўчых станкоў. Паколькі ў раёне дзейнічаюць тры буйныя дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, праблем з працаўладкаваннем па гэтай спецыяльнасці не будзе. Да навучэнцаў школ звярнуўся намеснік дырэктара ААТ «Паставымэбля» Сяргей Зямчонак. Ён расказаў пра прадпрыемства і магчымасць заключэння мэтавага дагавора на навучанне.
Шмат карыснай інфармацыі атрымалі прысутныя ад галоўнага спецыяліста аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Паўла Скрыдлеўскага, прадстаўнікоў ААТ «Навасёлкі-Лучай» і «Камайскі-агра» Славаміра Шапеля і Алены Працуковіч.
Затым для ўдзельнікаў дня адчыненых дзвярэй правялі экскурсію па каледжы, азнаёмілі іх з вучэбнымі кабінетамі, майстэрнямі, лабараторыямі, прапанавалі паўдзельнічаць у майстар-класах, арганізаваных навучэнцамі каледжа — будучымі поварамі. Школьнікі з задавальненнем пасядзелі ў кабінах сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі.
Лічу, дзень адчыненых дзвярэй — мерапрыемства, патрэбнае навучэнцам школ: яно дапамагае ім вызначыцца з выбарам прафесіі, ацаніць яе запатрабаванасць на рынку працы, зразумець спецыфіку працоўнай дзейнасці па выбранай спецыяльнасці, даведацца пра магчымасці працаўладкавання і гарантыі дзяржавы маладым спецыялістам.
Наведваючы дзяржкаледж, заўсёды захапляюся і навучэнцамі, і педагогамі. Тут умеюць здзівіць цікавымі праектамі і дасягненнямі. І на гэты раз з задавальненнем паглядзела выступленне агітбрыгады, пачаставалася духмянымі булачкамі, якія тут выпякаюць.
Выбар прафесіі, бадай, самы галоўны і важны крок у жыцці кожнага чалавека. І Пастаўскі дзяржаўны каледж можа стаць першай прыступкай на прафесійным шляху.
Анна Анішкевіч