У межах рэспубліканскай акцыі «Адновім лясы разам» у суботу ў Навасёлках закладзены сквер да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Цэнтральная плошча аграгарадка — любімае месца вяскоўцаў. Кожны год у парку ладзіцца свята па ўшанаванні найлепшых механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў ААТ «Навасёлкі-Лучай». Тут абсталявана дзіцячая пляцоўка, устаноўлены лавачкі, дзе любяць адпачываць як пажылыя, так і маладыя. Падчас акцыі ў скверы ўстанавілі інфармацыйную дошку. Той, хто прыйдзе сюды, будзе ведаць, што парк закладзены ў гонар знамянальнай даты — 80-й гадавіны вызвалення Беларусі.
Закладка сквераў і паркаў з гэтай нагоды — ініцыятыва Міністэрства лясной гаспадаркі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў рамках адзінага дня азелянення.
Жыхары Пастаўшчыны прынялі ў гэтым мерапрыемстве актыўны ўдзел. Пасадкай дрэў у Навасёлках займаліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Пастаўскай сельскай выбарчай акрузе №55 Алег Крукоўскі з сынам Кірылам, дырэктар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Шымчык, старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Дзіяна Пякарская і яго дэпутаты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, настаўнікі і навучэнцы Навасёлкаўскай сярэдняй школы імя А. А. Валодзькі на чале з дырэктарам Аленай Ластоўскай. Да ўдзельнікаў акцыі далучыўся і старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.
Сяргей Чэпік адзначыў, што закладка сквера — гэта яшчэ адзін крок да захавання гістарычнай памяці пра подзвіг землякоў. Ён падзякаваў кіраўніцтву лясгаса за арганізацыю мерапрыемства і ўсім, хто ў ім удзельнічаў.
У вёсках Навасёлкаўскага сельсавета ў свой час пражывала шмат ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Кожны год у Дзень Перамогі яны збіраліся разам, каб ушанаваць памяць тых, хто мужна змагаўся з ворагам на франтах, у партызанскіх атрадах і каго не дачакаліся дома маці, жонкі, дзеці. Імёны герояў-землякоў значацца на помніках і абелісках у Лучаі, Коўзанах, Цешалаве. Цяпер у гонар вызваліцеляў, дзякуючы якім Беларусь 80 гадоў жыве пад мірным небам, будуць расці 40 каштанаў і 40 ліп.
— Свабода і незалежнасць нашай краіны даліся дарагой цаной, — пачаў сваё выступленне старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў. — У гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны чацвёрты беларус. Гэтыя дрэвы — памяць пра іх, а таксама сімвал нашага імкнення да міру, стваральнай працы, росквіту малой радзімы. Беларусь — міралюбівая краіна. Яе палітыка накіравана на паважлівыя адносіны да блізкіх і далёкіх суседзяў. На гэтым фундаменце мы працягнем будаваць наша жыццё і зробім усё магчымае, каб трагічнае мінулае ніколі не паўтарылася.
Работа спорылася ва ўсіх. Важкую дапамогу аказвалі леснікі Старадворскага лясніцтва, работнікі лясгаса, для якіх клопат пра прыроду — паўсядзённая праца. Калі пасадку завяршылі, да ўдзельнікаў акцыі звярнуўся дырэктар лясгаса Уладзімір Місачэнка. Ён адзначыў, што акцыя сёлета прымеркавана да Года якасці, і выказаў надзею, што дрэўцы павінны прыжыцца, бо стараліся ўсе ўдзельнікі мерапрыемства. Затым разам з намеснікам па ідэалагічнай рабоце Аляксандрам Іваньковым уручыў прысутным кубкі з лагатыпам «Адновім лясы разам!».
Кожны год мы шмат увагі ўдзяляем добраўпарадкаванню райцэнтра. Але павінны развівацца і аграгарадкі. На гэта пастаянна накіроўвае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Навасёлкі для добраўпарадкавання выбралі невыпадкова. Мясцовае сельгаспрадпрыемства сваімі высокімі вынікамі вытворчасці вядомае далёка за межамі раёна. Сюды прыязджае шмат гасцей. Упэўнены, што парк будзе запатрабаваны.
Сяргей Чэпік
Анна Анішкевіч