На МАЗе з 1 красавіка па 22 чэрвеня праходзяць вытворчую практыку будучыя выпускнікі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, якія набываюць спецыяльнасць тэхніка-механіка.
У панядзелак раніцай каля каледжа сабралася каля 20 навучэнцаў з дарожнымі сумкамі, прыпаркаваўся вялікі аўтобус. Сюды прыехала і першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова, выйшлі дырэктар каледжа Сяргей Шамовіч, майстры і куратары. Усе яны праводзілі навучэнцаў на вытворчую практыку на Мінскі аўтамабільны завод.
— МАЗ — магутнае прадпрыемства, — гаварыў Сяргей Шамовіч. — І праходзіць там практыку прэстыжна. Такое стала магчымым дзякуючы падтрымцы раённага кіраўніцтва і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергяенкі. У перыяд перадвыбарных сустрэч з працоўнымі калектывамі Ігар Пятровіч пабываў і ў нашым каледжы. Тады і ўзнікла думка аб рознабаковым супрацоўніцтве з брэндавым прадпрыемствам Беларусі. Ведаю, што праходзіць практыку на МАЗе — мара многіх выпускнікоў сталічных ВНУ і каледжаў. Таму лічу, што пастаўчанам пашанцавала.
На МАЗ адправіліся найлепшыя — тыя, у каго высокі бал паспяховасці на працягу ўсяго перыяду вучобы, няма дысцыплінарных спагнанняў, хто актыўны ў грамадскім жыцці. Па ініцыятыве Анастасіі Пятровай хлопцы аб’ядналіся ў студэнцкі вытворчы атрад імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Матросава.
Падчас практыкі студатрадаўцы забяспечваюцца жыллём, ім выплачваецца заработная плата, для іх арганізавана аднаразовае бясплатнае харчаванне. На прадпрыемстве хлопцы не толькі знаёмяцца з сучаснай тэхнікай, якую яно выпускае, але і прымяняюць атрыманыя ў каледжы веды на практыцы.
— Наша спецыяльнасць — тэхнік-механік. У будучым адны хочуць уладкавацца на станцыю тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў, а некаторыя мараць пра ўласную справу. Але, каб чагосьці дасягнуць, трэба пастарацца. Праца на МАЗе дадасць практычных навыкаў, — разважалі навучэнцы.
— У вогуле, практыка — важная частка ў працэсе падрыхтоўкі канкурэнтаздольных кваліфікаваных кадраў, — упэўнены дырэктар каледжа. — Маладыя людзі будуць мець магчымасць ацаніць свой узровень падрыхтоўкі, «прымераць» на сябе прафесію, а можа, і вызначыцца з першым рабочым месцам. Вытворчая практыка на МАЗе — гэта першы вопыт для 18 нашых навучэнцаў. Няхай ён стане стымулам для першакурснікаў і другакурснікаў каледжа.
Карыстаючыся выпадкам, Сяргей Шамовіч запрасіў выпускнікоў школ паступаць у Пастаўскі дзяржаўны каледж.
Анна Анішкевіч