Рисунки юных художников ДШИ им. Ромера стали основой для создания четырёх альбомов детских работ

Культура

Кожны год навучэнцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера робяць сотні малюнкаў, якія выстаўляюцца ў самой школе, арганізацыях і ўстановах горада, падчас правядзення раённых свят. Каб яшчэ больш разрэкламаваць творчасць юных мастакоў, дырэктар ДШМ Жанна Курдо два гады назад вырашыла стварыць альбом дзіцячых работ. Сёння іх выйшла ўжо чатыры.

Першы альбом называецца «Мой любы горад» і складаецца з графічных работ, выкананых дзецьмі па матывах пленэрных малюнкаў, якія былі зроблены ў рамках акцыі «Мая маленькая радзіма» да 610-годдзя Пастаў.

— У нас атрымаліся такія шыкоўныя работы, вучні настолькі пранікліся гісторыяй горада, што я падумала: абавязкова трэба захаваць гэта ў памяці, пакінуць для наступных пакаленняў, ды і ў саміх дзяцей будзе стымул да далейшай творчасці. Выбрала найлепшыя работы і занесла іх у Пастаўскую друкарню, дзе графічныя карціны аформілі ў альбом паштовак. Выдалі мы яго за заробленыя школай сродкі. А праз некаторы час райвыканкам заказаў у друкарні яшчэ некалькі дзясяткаў экзэмпляраў альбома ў падарунак гасцям фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік», — расказвала Жанна Уладзіміраўна.

Рисунки юных художников ДШИ им. Ромера стали основой для создания четырёх альбомов детских работ

Усяго ў альбоме 10 паштовак, на якіх адлюстраваны гісторыка-культурныя каштоўнасці Пастаў: палац Тызенгаўзаў, домікі рамеснікаў і фантан на плошчы Леніна, стары млын, царква Свяціцеля Мікалая Цудатворца, будынкі краязнаўчага музея і па вуліцы Чырвонаармейскай пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя. Усе яны настолькі дэтальна прапісаны і такія рэалістычныя, што, гледзячы на іх, немагчыма памыліцца ў тым, які будынак перад табой.

Другім выдадзеным альбомам стаў «Помним! Гордимся! Благодарим!», прысвечаны Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Падчас аднайменнай грама­дзянска-патрыятычнай акцыі, якая прайшла ў школе мастацтваў напярэдадні 9 Мая, вучні выкладчыка Уладзіміра Макаркова падрыхтавалі каля 50 творчых работ у тэхніцы «манатыпія» (гэта разнавіднасць графічнага мастацтва і друкаванай графікі). Найлепшыя з іх затым уключылі ў альбом.

Трэці альбом — «Вобразы роднага краю» — таксама графічны. Ад першага ён адрозніваецца тым, што тут малюнкі выкананы гелевай ручкай, а іх сюжэты — гэта дэкаратыўнае абагульненне пленэрных работ. Адначасова з ім убачыў свет альбом акварэляў «Мой любы горад», дзе адлюстраваны не толькі помнікі архітэктуры, але і іншыя каларытныя будынкі і прыгожыя мясціны Пастаў.

— Проста неверагодна, як дзеці бачаць наш горад, з якой любоўю выкананы іх работы! — захапляецца Жанна Курдо. — Выбраць 10 самых-самых было вельмі складана, бо ўсе яны вартыя быць на паштоўках альбома. Я заўсёды кажу: дзеці — найлепшыя мастакі, таму што пішуць шчыра, па-свойму. Увогуле, можна зрабіць шыкоўны альбом акварэльных і іншых работ да 615-годдзя Пастаў. Але для гэтага патрэбны спонсары, якія падтрымалі б нас фінансава. Вельмі хочацца, каб яны знайшліся!

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.