Проект «Имена героев — в названиях улиц». Герои Советского Союза — Алексей Голубков и Николай Красильников

Важное История

У канцы мінулага тыдня ўдзельнікі праекта «Імёны герояў — у назвах вуліц» адправіліся ў Лынтупы, дзе ў брацкай магіле каля касцёла Святога апостала Андрэя пахаваны два Героі Савецкага Саюза — Аляксей Галубкоў і Мікалай Красільнікаў, чыімі імёнамі названы галоўныя вуліцы гарадскога пасёлка.

Абодва героі нарадзіліся за тысячы кіламетраў ад Лынтуп. Аляксей Галубкоў — у сяле Міхайлаўскае Судзіслаўскага раёна Кастрамской вобласці, Мікалай Красільнікаў — у горадзе Бійску Алтайскага краю. Адтуль і пайшлі на фронт, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ваявалі ў розных воінскіх злучэннях. А вось загінулі, навечна ўпісаўшы свае імёны ў гісторыю, у адным месцы — невялікім беларускім пасёлку — з розніцай усяго ў два дні ў ліпені 1944-га.

Проект «Имена героев — в названиях улиц». Герои Советского Союза — Алексей Голубков и Николай КрасильниковАляксей Галубкоў адправіўся на фронт дабравольцам, нягле­дзячы на тое, што меў бронь як работнік чыгуналіцейнага цэха завода «Рабочы металіст». Трапіў у 923-і артылерыйскі полк 357-й стралковай дывізіі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Спачатку быў радавым сувязістам, потым — камандзірам аддзялення сувязі ў дывізіёне. Выконваючы пастаўленыя камандаваннем дывізіёна задачы, нярэдка рызыкаваў жыццём, за што быў узнагароджаны медалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Асабліва вызначыўся падчас вызвалення Літоўскай ССР.

6 ліпеня 1944 года на подступах да Швянчоніса нямецкія войскі паспрабавалі спыніць савецкія часці, якія наступалі, сустрэўшы іх моцным артылерыйскім агнём. Назіральны пункт дывізіёна падвергся магутнаму артналёту і быў разбіты, сувязь з агнявымі пазіцыямі нашых батарэй — парушана. Пад агнём праціўніка сяржант Галубкоў прабіраўся па лініі, злучаў разарваны провад і аднаўляў сувязь. На працягу дзвюх гадзін, тройчы паранены, працягваў сваю справу.

Нарэшце савецкія часці прарвалі варожую абарону і занялі Лынтупы. Немцы змаглі ўтрымацца толькі ў касцёле, подступы да якога ахоўвалі іх кулямёты і самаходная артылерыйская ўстаноўка. Каб выбіць ворага, Аляксей Галубкоў разам з яшчэ адным байцом незаўважна прабраліся з флангу за агароджу будынка і ўдарылі па агнявых кропках праціўніка. Агонь аслабеў, і пехацінцы ўварваліся ў касцёл. Але ў гэты момант побач з Галубковым разарваўся снарад…

24 сакавіка 1945 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР сяржант Аляксей Галубкоў быў пасмяротна ўдастоены высокага звання героя Савецкага Саюза. У яго гонар названы вуліцы не толькі ў Лынтупах, але і ў Кастраме і Судзіслаўлі.

Проект «Имена героев — в названиях улиц». Герои Советского Союза — Алексей Голубков и Николай КрасильниковНе менш гераічны баявы шлях Мікалая Красільнікава. На фронт яго прызвалі ў ліпені 1941-га. Накіравалі ў 938-ы стралковы полк 306-й стралковай дывізіі 43-й арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту. У яго скла­дзе ўдзельнічаў у баях за Цвярскую, Смаленскую і Віцебскую вобласці. Некалькі разоў быў паранены і кантужаны.

25 чэрвеня 1944 года Мікалай Пятровіч, які ўжо меў званне малодшага лейтэнанта і камандаваў узводам, разам з групай сваіх байцоў пераправіўся праз Заходнюю Дзвіну ў раёне вёскі Шарыпіна Бешанковіцкага раёна і прыняў актыўны ўдзел у баях за захоп і ўтрыманне плацдарма на заходнім беразе ракі. У тых баях яго ўзвод знішчыў дзве агнявыя кропкі праціўніка, што садзейнічала паспяховай пераправе праз раку асноўных сіл савецкіх войскаў. За ўзорнае выкананне баявых заданняў, праяўленыя мужнасць і гераізм Мікалая Красільнікава прадставілі да прысваення звання Героя Савецкага Саюза. Але атрымаць ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка» ён не паспеў: 8 ліпеня 1944-га быў смяротна паранены падчас бамбардзіроўкі варожай авіяцыяй пазіцый яго ўзвода і памёр у той жа дзень у медсанбаце.

Пасля вайны землякі Мікалая Пятровіча назвалі яго імем адну з вуліц у Бійску і ўстанавілі там жа яго бюст.

Пра ўсё гэта гаварылася падчас сустрэчы ў Лынтупскай СШ. З біяграфіямі герояў вучняў школы і гасцей, сярод якіх былі старшыня мясцовага Савета дэпутатаў Аляксандр Макаранка, жыхаркі вуліц Галубкова і Красільнікава Нэлла Іваніна і Алена Салянікава, пазнаёмілі 7-класніцы Віялета Свірбутовіч і Вікторыя Рогач, 6-класнік Андрэй Пазняк. Затым слова далі гасцям. Аляксандр Яўгеньевіч падзякаваў школьнікам за штогадовую дапамогу ў навядзенні парадку каля помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, зазначыўшы: «Мы павінны памятаць усіх, хто аддаў за нас сваё жыццё». З такім жа пасылам звярнулася да навучэнцаў карэспандэнт тэлеканала «Паставы ТБ» Наталля Семянас. Дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Кузняцоў выказаў удзячнасць дзецям і педагогам за падрыхтаваную прэзентацыю. А Нэлла Іваніна расказала пра тое, як ёй жывецца на вуліцы, названай імем героя.

Проект «Имена героев — в названиях улиц». Герои Советского Союза — Алексей Голубков и Николай Красильников

Проект «Имена героев — в названиях улиц». Герои Советского Союза — Алексей Голубков и Николай Красильников

Дарэчы, такіх вуліц у пасёлку больш за дзве. Ёсць яшчэ Маркава, Марата Казея. Інфармацыя пра гэтых лю­дзей, таксама як і пра Галубкова і Красільнікава, маецца ў школьным музеі, пра які расказалі настаўнік гісторыі Сяргей Васільеў, яго дачка Юлія і былая настаўніца школы Міраслава Нячаева.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.