Поставы претендовали на высокое звание культурной столицы-2025

Культура

У мінулы чацвер на калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь выбралі культурную сталіцу краіны на наступны, 2025, год. Ёй стане горад Іванава Брэсцкай вобласці. Разам з ім за гэта высокае званне спаборнічалі Рагачоў (Гомельская вобласць), Масты (Гродзенская), Салігорск (Мінская) і Паставы.

Усе прэтэндэнты падрыхтавалі праграмы-прэзентацыі, у якіх пастараліся паказаць сваю ўнікальнасць, зрабіўшы экскурс у гісторыю рэгіёна, дэманструючы таленты і ўзровень сцэнічнай культуры.

— Мы прэзентавалі Паставы праз нашы культурныя брэнды: гістарычную спадчыну графа Антонія Тызенгаўза, дыятанічныя цымбалы і міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». У той жа час прадставілі і сучасную культуру, — расказвала начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Лойка. — Намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург выступіў з дакладам аб развіцці культурнай сферы раёна. Ён гаварыў пра тое, што на Пастаўшчыне вядзецца сістэмная работа па захаванні і прапагандзе нематэрыяльнай культурнай спадчыны краю, у раёне маецца дастатковы кадравы патэнцыял для арганізацыі і правядзення маштабных культурных мерапрыемстваў, ёсць пляцоўкі для іх і магчымасць прыняць адразу вялікую колькасць гасцей. Удзельнікам калегіі быў паказаны відэафільм, зняты журналістамі тэлеканала «Паставы ТБ», у якім расказваецца пра культурнае жыццё і сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна, яго турыстычны патэнцыял.

Поставы претендовали на высокое звание культурной столицы-2025

У сваім выступленні Станіслаў Чымбург адзначыў, што 8 нашых дзяцей з’яўляюцца стыпендыятамі фонду Прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай мола­дзі. Адзін з іх, Гардзей Кірплюк, і лаўрэат міжнародных конкурсаў Дар’я Гучык прадэманстравалі прысутным майстэрства ігры на дыятанічных цымбалах. Навучэнцы харэаграфічнага аддзялення Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Юлія Несцяровіч і Паліна Дзьячкова выступілі ў ролі пажоў графа Тызенгаўза ў тэатралізаваным прадстаўленні, падрыхтаваным работнікамі Цэнтра культуры і народнай творчасці раёна. У візітцы прыняла ўдзел і наша «зорачка» Злата Ярашэвіч, якая летам будзе прадстаўляць Беларусь на дзіцячым вакальным конкурсе на «Славянскім базары ў Віцебску». Таксама была арганізавана выстава работ навучэнцаў ДШМ імя А. Ромера.

На падвядзенні вынікаў калегіі міністр культуры Анатолій Маркевіч сказаў, што кожны з гарадоў-прэтэндэнтаў чымсьці ўразіў яго і мог бы называцца культурнай сталіцай Беларусі. Тым не менш выбраць трэба было аднаго, і па суме набраных падчас галасавання балаў ганаровае званне атрымала Іванава. На другім месцы аказаўся Салігорск, на трэцім — Паставы.

— Нягледзячы на тое, што не перамаглі, мы вельмі годна прадставілі свой горад. Дзякую ўсім, хто ўдзельнічаў у прэзентацыі. Гэта была наша першая спроба стаць культурнай сталіцай краіны. Спадзяюся, у наступны раз мы ёй будзем, — заключыла Ірына Лойка.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.