Палі па-за зонай доступу
Веснавыя палявыя работы сёлета пачаліся раней, чым звычайна. Надвор’е дазваляла, і аграрыі вывозілі на палі арганіку, уносілі мінеральныя ўдабрэнні, падсявалі травы, падкормлівалі азотам азімыя. І тыя дружна пайшлі ў рост, радавалі сваёй зелянінай і кусцістасцю.
У 20-х чыслах сакавіка распачалі сяўбу ранніх зерневых і зернебабовых. Першымі вывелі сеялкі ў палі механізатары СП «Дунілавічы-агра», ААТ «Кураполле-агра», «Навасёлкі-Лучай». На 3 красавіка на Пастаўшчыне было засеяна 40% планавай плошчы. Па тэмпах сяўбы раён значыўся сярод лідараў вобласці.
І тут свае карэктывы ўнесла надвор’е: пайшлі моцныя дажджы. Яны і «падмачылі» планы хлебаробаў. Работы ў полі прытармазіліся на 8 дзён. Глеба сохла марудна, сеялі выбарачна. На гліністых участках з-за празмернай вільгаці тэхніка буксавала. А апошнім часам работы спыніліся ўвогуле. Сяўба праведзена на 62% тэрыторыі. Калі б не ападкі, раннія зерневыя і зернебабовыя былі б ужо пасеяныя. Па інфармацыі райсельгасхарчу, з іх сяўбой справіліся толькі ААТ «Сцяг Перамогі-агра» і СП «Дунілавічы-агра».
З-за дажджу і снегу палі на Пастаўшчыне аказаліся па-за зонай доступу. Асабліва катастрафічнае становішча ў ААТ «Кураполле-агра». Больш за 1 000 гектараў зямлі курапольцы апрацоўваюць на Браслаўшчыне. Частку іх засеялі восенню азімымі, частку адвялі пад яравыя. У аўторак з першым намеснікам старшыні райвыканкама Генадзіем Лютынскім адправіліся на агляд палёў. Яны каля Кураполля, Казян, Дубраўкі напамінаюць невялікія азёры. На іх прывольна сябе адчуваюць чайкі, лебедзі. Такая ж карціна і на вайцяхоўскіх землях, што належаць ААТ «Навасёлкі-Лучай». Азімыя ад лішку вады ў многіх месцах пажаўцелі. На некаторых участках глебу пачалі рыхтаваць да сяўбы яравых, ды непагадзь спыніла работы.
— Ёсць тэхніка, пасяўныя агрэгаты, людзі, якія хочуць працаваць, насенны матэрыял, а магчымасці сеяць няма, — заклапочана гаварыў дырэктар ААТ «Кураполле-агра» Сяргей Патаповіч. — Не можам і «хімічыць» пасевы, бо эфекту не будзе. Для гэтага патрэбна цёплае і сухое надвор’е.
Пацярпелі ад дажджоў і пасевы азімага рапсу. У Кураполлі некаторыя з іх плануюць увогуле перасеяць кукурузай. Карычневыя плямы бачыла на рапсавых палях ААТ «Сцяг Перамогі-агра», «Камайскі-агра».
Для жывёлаводаў таксама выпрабаванне
Цёплае надвор’е, якое стаяла ў сакавіку, спрыяла росту травы. Механізатары загадзя падкармілі лугавыя ўгоддзі, і яны хутка зазелянелі. Кіраўніцтва гаспадарак прыняло рашэнне перавесці кароў на пашавае ўтрыманне. Маладая трава багатая бялком, пратэінам і вітамінамі. Свежае паветра спрыяе ўмацаванню здароўя буйной рагатай жывёлы.
У поле завезлі ёмістасці для вады, перасоўныя даільныя ўстаноўкі, домікі для пастухоў. Але парадавацца палявым умовам утрымання давялося не доўга. Тэмпература паветра рэзка панізілася, пайшлі дажджы, а часам і мокры снег, нярэдка ўздымаўся моцны вецер. Некамфортна стала жывёле: яна шукала зацішныя месцы і праводзіла там больш часу. Трава хутка паядаецца, пераўвільготненыя ўчасткі «перамалочваюцца» капытамі і становяцца падобнымі на раллю. З-за холаду травастой адрастае марудна. Тэхніка, якая задзейнічана на падвозе вады, камбікорму, аператараў, разбівае коламі палявыя дарогі. Некаторыя гурты былі вымушаны вярнуць на фермы.
У многіх гаспадарках пашу затапіла вадой. У ААТ «Кураполле-агра», каля Чарэмушнікаў, рака выйшла з берагоў і заліла луг. На полі паміж Бакавічамі і Міхнічамі ўтварыўся сапраўдны вадаём, на якім пасяліліся вадаплаўныя птушкі.
У складаных умовах працуюць аператары машыннага даення, пастухі. Тым не менш яны стараюцца не дапусціць зніжэння надояў. Каб больш эканомна выкарыстоўваць пашу, прымяняюць франтальны выпас жывёлы. Пастухам даводзіцца часта пераносіць электрапастух, механізатарам — ёмістасці для вады і даільныя ўстаноўкі. У рацыён жывёлы дабавілі больш камбікорму.
Сіноптыкі прагназуюць у хуткім часе павышэнне тэмпературы паветра і сухое надвор’е. Гэтага з нецярпеннем чакаюць усе.
Анна Анішкевіч