Дзявочае прозвішча Людмілы — Захарэвіч. Хто на Пастаўшчыне не ведае імя яе маці — Ніны Маркаўны? Яна была не толькі вопытным педагогам, але і таленавітым паэтам, выдала некалькі паэтычных зборнікаў. Вершаваныя радкі Ніны Захарэвіч змяшчаліся ў розных газетах і часопісах, неаднойчы гучалі падчас міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік», а песняй «Прыязджайце да нас у Паставы» на яе словы райцэнтр і сёння сустракае гасцей.
Не абдзяліў Бог талентам і Людмілу. Па адукацыі яна настаўнік фізікі і матэматыкі (скончыла Віцебскі педагагічны інстытут), па захапленні — мастак. Яе работы выстаўляліся на 18 персанальных выставах, удзельнічалі амаль у 100 калектыўных, ёсць у музеях Беларусі і Расіі, прыватных калекцыях у краінах СНД, Францыі, Германіі, Нідэрландах, Канадзе.
З Расіяй Людмілу звязаў дзявочы лёс: яна выйшла замуж за земляка-афіцэра, якога накіравалі служыць у Тулу. Праз 14 гадоў сям’я пераехала ў Маскву. Людміла 5 гадоў працавала ў Пастаянным камітэце Саюзнай дзяржавы, курыравала пытанні культуры.
— Цікавасць да беларускай культуры ў расіян вялікая, — расказвала яна. — У Маскве і рэгіёнах праводзяцца розныя мерапрыемствы, якія яе прапагандуюць. На расійскіх сцэнах беларускія тэатры ставяць спектаклі, выступаюць заслужаныя і аматарскія калектывы. У беларускім пасольстве ў Маскве ёсць зала беларускай дыяспары, ладзяцца дні роднай мовы. Беражліва захоўваюць традыцыі роднага краю беларускія дыяспары ў розных рэгіёнах Расіі. Напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі ў галерэі мастацтваў Зураба Цэрэтэлі Расійскай акадэміі мастацтваў адкрылася выстава мастакоў-акадэмікаў дзвюх краін. Мне пашчасціла не толькі прысутнічаць на ёй, але і размаўляць, сфатаграфавацца са знакамітым скульптарам, якому ўжо 91 год.
А масквічы і іншыя расіяне вялікую ўвагу праяўляюць да павільёна «Беларусь» на ВДНГ, ахвотна купляюць тавары, вырабленыя ў Беларусі, асаблівым попытам карыстаецца харчовая прадукцыя. Многія папраўляюць здароўе ў беларускіх санаторыях, адпачываюць у аграсядзібах, адпраўляюцца ў турыстычныя паездкі. І вяртаюцца дадому з найлепшымі ўражаннямі.
Дарэчы, менавіта апошнія навіны пра турыстычныя сувязі беларусаў і расіян, звязаных з мастацтвам, і расказала мне, пазваніўшы ў «Вайберы», Людміла Курыловіч, якая ўваходзіць у склад расійскай Асацыяцыі мастакоў-пленэрыстаў:
— Хачу падзяліцца навіной: на XXX Міжнароднай выстаўцы турызму і індустрыі гасціннасці, якая прайшла ў лютым у выставачнай зале ВДНГ, аддзел спорту і турызму Пастаўскага райвыканкама заключыў дагавор аб супрацоўніцтве з нашай асацыяцыяй.
З 3 па 9 чэрвеня бягучага года 15 расійскіх мастакоў арганізуюць у Паставах пленэр. Кожны з іх падорыць раёну адну напісаную падчас яго сваю работу.
Таксама плануецца правядзенне майстар-класаў для навучэнцаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Ромера. Асацыяцыяй заключаны дагавор аб супрацоўніцтве і з упраўленнем спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама.
Людмілу Курыловіч радуе, што расійскія мастакі ўбачаць і адлюструюць у карцінах яе малую радзіму, якую яна аддана любіць, якой бязмежна ганарыцца і якую нястомна прапагандуе. А еднасць двух братніх народаў не перастае натхняць яе.
Фаіна Касаткіна