Колькі насельніцтва зараз у Беларусі? Якія рэгіёны нашай краіны самыя густанаселеныя, а дзе жыхароў менш за ўсё? Які горад з’яўляецца самым маленькім на Віцебшчыне, а які самым вялікім у абласным падпарадкаванні? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ведае Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь.
На 1 студзеня 2024 года ў Беларусі пастаянна пражывала 9 155 978 чалавек, з іх у гарадах — 7 198 285, у сельскай мясцовасці — 1 957 693. Найбольшая колькасць насельніцтва зарэгістравана ў Мінску (1 992 862 чалавекі) і Мінскай вобласці (1 460 289). Ад Міншчыны крыху адстаюць Гомельшчына (1 338 617) і Брэстчына (1 308 569). Менш за ўсё насельніцтва ў Магілёўскай і Гродзенскай абласцях. На пачатак бягучага года там было адпаведна 981 174 і 992 556 жыхароў.
На Віцебшчыне на 1 студзеня бягучага года налічвалася 1 081 911 жыхароў, з якіх 852 477 пражывалі ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, 229 434 — у сельскіх населеных пунктах. У адміністрацыйным цэнтры вобласці — г. Віцебску — было зарэгістравана 358 395 чалавек. Следам за ім па колькасці насельніцтва ідуць Орша (102 759), Наваполацк (95 717) і Полацк (79 579).
Сярод астатніх гарадоў самым буйным з’яўляюцца нашы Паставы — тут 18 618 жыхароў. Амаль столькі ж у Глыбокім (17 746) і Лепелі (17 106). Самы маленькі раённы цэнтр Віцебшчыны — г.п. Расоны, дзе ўсяго 4 518 жыхароў. Няшмат на Расоншчыне і сельскага насельніцтва — 3 796. Статус самага маленькага горада не толькі ў нашым рэгіёне, але і ва ўсёй Беларусі мае Дзісна, якая знаходзіцца ў Міёрскім раёне і ў якой пражывае 1 386 чалавек. Ну а ў самым маладым горадзе Прыдзвінскага краю — Новалукомлі — налічваецца 11 841 чалавек. Гэта ў паўтара раза больш, чым у Чашніках, якія з’яўляюцца адміністрацыйным цэнтрам раёна.
Алена Шапавалава