Менш чым праз два месяцы ў беларускіх школах празвініць апошні званок — завершыцца чарговы навучальны год. І для 11-класнікаў наступіць пара выпускных экзаменаў і паступлення ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Але здаваць уступныя іспыты давядзецца не ўсім.
Сярод тых, каго залічаць у ВНУ і ССНУ без праходжання цэнтралізаванага тэсціравання, пераможцы рэспубліканскіх, міжнародных і ўніверсітэцкіх алімпіяд, залатыя і сярэбраныя медалісты, уладальнікі дыпломаў аб сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адзнакай, выпускнікі профільных класаў аграрнай, педагагічнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці, а таксама Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Нядаўна Міністэрства адукацыі краіны расшырыла пералік спецыяльнасцей для паступлення без уступных іспытаў для яго выпускнікоў, якія маюць рэкамендацыі назіральнага савета гэтай установы адукацыі.
За 3 гады, што існуе тэхнапарк (нагадаю: ён быў створаны па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі з мэтай выяўлення адораных старшакласнікаў, развіцця і падтрымкі ў іх інтарэсу да навукова-тэхнічнай і навацыйнай дзейнасці), навучанне ў ім прайшлі тысячы школьнікаў. Пабывала там і нямала пастаўчан, пры тым што трапіць на 24-дзённую адукацыйную змену не так проста. Для гэтага трэба напісаць даследчую работу, а потым прайсці тэсціраванне і гутарку з прадстаўніком тэхнапарка. Навучацца там нашы землякі пачалі з 2021 года. З 12 прэтэндэнтаў на змену тады адабралі 6. На наступны год у адборы ўдзельнічалі ўжо 23 школьнікі, 8 з якіх былі запрошаны ў Мінск. Летась да 2-га і 3-га адборачных этапаў дапусцілі 55 дзяцей, і 28 з іх паехалі ў тэхнапарк.
Дарогу туды праклалі вучні СШ №4 імя В. Ф. Франтова. Першапраходцам была 9-класніца Дар’я Катовіч, якая пасля заканчэння адукацыйнай змены атрымала прапанову паступіць у ліцэй БДУ і скарысталася ёй. Затым падключыліся вучні першай і другой гарадскіх школ, следам за імі — гімназіі. Па словах намесніка начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяны Русалоўскай, з гімназіі ў тэхнапарку пабывала самая вялікая колькасць дзяцей — больш, чым з усіх агульнаадукацыйных устаноў некаторых раёнаў вобласці. Толькі ў 2023 годзе навучаліся 11 чалавек, прычым многія — неаднаразова.
— Па правілах Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка старшакласнікі могуць пабываць у ім на дзвюх адукацыйных зменах на працягу года, а потым прадоўжыць работу над праектам дыстанцыйна, — расказвала намеснік дырэктара раённага цэнтра дзяцей і моладзі Таццяна Шумуліанене, якая займаецца арганізацыяй адбору і навучання дзяцей у тэхнапарку. — Так, у прыватнасці, вучыўся мінулагодні выпускнік гімназіі Ягор Валіеў. У выніку ён атрымаў рэкамендацыю гэтай установы адукацыі для паступлення ў ВНУ. Нядаўна з сакавіцкай змены вярнуліся 10-класнікі гімназіі Аляксандр Касцень і Дамір Сакалоўскі і 11-класнік СШ №4 імя В. Ф. Франтова Раман Сарокін. 1 красавіка на вучобу паехала 10-класніца СШ №1 Вікторыя Зелянкевіч.
Што да адукацыйных напрамкаў, якія выбіраюць нашы дзеці, яны самыя розныя: інфармацыйная бяспека, архітэктура і дызайн, інжынерная экалогія, электроніка і сувязь, нанаіндустрыя і нанатэхналогіі, лазерныя, бія- і авіякасмічныя тэхналогіі. Прайшоўшы навучанне ў тэхнапарку, абсалютна ўсе паступаюць на бюджэт у вядучыя ВНУ Беларусі і Расіі, выбіраючы прэстыжныя спецыяльнасці. Цяпер, пасля расшырэння Міністэрствам адукацыі пераліку спецыяльнасцей, на якія без іспытаў могуць паступаць выпускнікі НДТ, стаць студэнтамі адораным дзецям будзе яшчэ прасцей.
Алена Шапавалава