Магазин на колёсах ИП Виктора Климюка обслуживает 24 населённых пункта Поставского района

Общество

Тавары на любы густ прывозіць магазін на колах прыватнага прадпрымальніка Віктара Клімюка.

Па паведамленні ў «Вайберы»

Раней вясковую цішыню будзіў пранізлівы сігнал аўтамабіля, які абвяшчаў, што аўтамагазін прыехаў. Цяпер у жыхароў многіх населеных пунктаў створаны групы ў «Вайберы», і там Віктар Клімюк апавяшчае, праз колькі хвілін будзе ў вызначаным месцы.

Напісаць пра прыватны аўтамагазін мяне папрасілі жыхары Ярэва. І вось я ў вёсцы. Першы прыпынак — каля пагранзаставы. Надвор’е ў сераду было крыху падобным на веснавое, і ў альтанцы загадзя сабралася некалькі жанчын. Была рада ўбачыцца з былымі галоўнымі спецыялістамі мясцовай гаспадаркі Ларысай Шастаковіч, Алай Тарасевіч, Ліліяй Вярбіцкай. Яны ўжо на заслужаным адпачынку, займаюцца хатнімі справамі і заўсёды маюць пра што пагаварыць пры сустрэчы.

Магазин на колёсах ИП Виктора Климюка обслуживает 24 населённых пункта Поставского района

— Аўтамагазін да нас прыязджае па серадах і суботах, — расказвалі мне. — Тавар на любы густ і кашалёк. Хапае ўсяго. Вельмі любім хлеб вілейскага хлебакамбіната, малочныя прадукты пастаўскага завода. У шырокім асартыменце каўбасныя, мясныя вырабы, саладосці, мука, крупы, макарона. Віктар Клімюк — вадзіцель і прадавец у адной асобе. Ветлівы, акуратны, камунікабельны. Выконвае нашы заказы, параіць, што купіць, падкажа, які тавар таннейшы.

— Вельмі зручна, што аўталаўка спыняецца ў двух месцах: каля пагранзаставы (гэта недалёка ад майго дома) і ў цэнтры вёскі, — гаварыла Феня Трыфанава. — Мне да звычайнага магазіна дайсці цяжка, а аўтамагазін райспажыўтаварыства тут не спыняецца. Дзякуй прадпрымальнікам, што ўключылі ў свой маршрут нашу вёску.

Сямейная справа

Бацькі Віктара Тамара і Віктар больш за 20 гадоў таму заняліся ўласнай справай: спачатку адкрылі гандлёвыя кропкі ў мікрараёне МСО, Лынтупах, дзве ў Камаях. А два гады таму жыхары суседніх з Камаямі вёсак папрасілі пусціць да іх аўтамагазін.

— Справа новая, невядомая, хваляваўся, — расказваў Віктар-старэйшы. — Вялікую дапамогу аказалі намеснік старшыні райвыканкама Ірына Несцяронак і былы старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. Пры афармленні дакументаў кансультавала Алеся Кісялёва, якая тады працавала ў аддзеле эканомікі райвыканкама.

Магазин на колёсах ИП Виктора Климюка обслуживает 24 населённых пункта Поставского района

Клімюкі закрылі магазіны ў горадзе і Лынтупах, пакінулі адзін у Камаях. І заняліся ў асноўным аўтамагазінам. Закупка і дастаўка тавараў былі ўжо наладжаныя. Набылі два аўтамабілі (на выпадак, калі адзін зламаецца), распрацавалі і зацвердзілі ў райвыканкаме графік абслугоўвання 24 вёсак Камайскага сельсавета і часткі Курапольскага. З найбуйнейшых населеных пунктаў на маршруце — Дварчаны, Навасёлкі-2, Палессе, Ярэва, Целякі. Не абмінаюць і тыя, дзе жыхароў 2-3 чалавекі. Сярод такіх Свілелі, Саранчаны, Лодасі і іншыя. На маршрут аўтамагазін выязджае ў аўторак, сераду, пятніцу і суботу. У кожным населеным пункце, які абслугоўвае, бывае два разы на тыдзень. Віктар-малодшы паспяхова спраўляецца з абавязкамі прадаўца і вадзіцеля. Тамара вядзе бухгалтэрыю, Віктар-старэйшы займаецца заказам тавару, іншымі неадкладнымі справамі.

Сустракаюць з прыўзнятым настроем

Прыезд аўталаўкі — сапраўдная падзея для многіх вяскоўцаў. Яны прыходзяць сюды прыгожа апранутыя, з прыўзнятым настроем. Для іх гэта не толькі магчы­масць папоўніць хала­дзільнікі, але і сустрэцца ў чарговы раз з суседзямі, абмерка­ваць апошнія навіны. У невялічкіх населеных пунктах, дзе жыхароў можна пералічыць на пальцах, прадаўца сустракаюць, нібы сваяка, дзеляцца з ім сваімі радасцямі і бедамі. Віктар вывучыў спажывецкі густ сваіх пакупнікоў, ведае ўсіх пайменна.

Магазин на колёсах ИП Виктора Климюка обслуживает 24 населённых пункта Поставского района

Бываюць і «прыпынкi па запатрабаванні»: у аддаленых вёсачках, дзе некаторыя жыхары не маюць сіл дайсці да вызначанага месца, вадзіцель пад’язджае, як кажуць, пад самыя веснiчкi. Можа і ў дом пакупкі занесці. Здараецца, яго просяць купіць і прывезці лякарствы, іншае неабходнае. І Клімюкі выручаюць.

Каля пагранзаставы ў Ярэве людзей сабралася нямала. Некаторыя набіралі тавару больш чым на сто рублёў. Зручна, што разлічвацца можна як наяўнымі грашыма, так і банкаўскай карткай.

Магазин на колёсах ИП Виктора Климюка обслуживает 24 населённых пункта Поставского района

Віктар тут працаваў каля гадзіны, а потым паспяшаўся далей, дзе яго таксама чакалі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.