Каждый день соцработники Поставского ТЦСОН спешат к своим подопечным

Общество

Кожны дзень, у любое надвор’е сацыяльныя работнікі Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва спяшаюцца да сваіх падапечных. Нясуць ім прадукты харчавання і лякарствы, вараць абед, прыбіраюць у дамах, а часам проста гутараць. Іна Лапушынская дапамагае адзінокім састарэлым амаль тры дзясяткі гадоў, а Вікторыя Аўсюк прыйшла ў сацыяльную сферу ўсяго тры гады таму. Ні адна, ні другая пра свой выбар не шкадуюць. Іх работай задаволеныя і падапечныя, і кіраўніцтва ТЦСАН.

Як і большасць маіх равеснікаў, я ў маладосці працавала на заводзе «Беліт», — расказвала Іна Мікалаеўна. — Пасля скарачэння гады чатыры стаяла на ўліку як беспрацоўная. Мне не раз прапаноўвалі ўладкавацца сацыяльным работнікам. Але я баялася, што не спраўлюся. Аднаго разу ўгаварылі выйсці на замену.

Жанчына хутка ўнікла ў сутнасць работы. Яе не палохалі ні адлегласці, што даводзілася праходзіць за дзень ад аднаго падапечнага да другога, ні кола абавязкаў. Некаторыя пажылыя падкуплялі сваёй мудрасцю, іншыя выклікалі жаль з-за іх адзіноты, і такім яшчэ больш хацелася дапамагчы.

Працаваць у той час было ох як нялёгка! — успамінала Іна Лапушынская. — Гэта цяпер у многіх дамах газавае або электраацяпленне, водаправод. А больш за 20 гадоў таму прыходзілася насіць дровы і брыкет, ваду, чысціць ад попелу печкі. А як праблематычна было купіць мяса! Яго прадавалі па спецыяльных талонах у магазіне мясакамбіната па вуліцы Гагарына. Норма на чалавека складала 2 кілаграмы. А падапечных — 10. Рук не чула, пакуль разнясу ўсім.

Каждый день соцработники Поставского ТЦСОН спешат к своим подопечным

Работа цяжкая не столькі фізічна, колькі маральна, — гаварыла Вікторыя Аўсюк. — У кожнага падапечнага свой характар. Трапляюцца і капрызныя, і вельмі патрабавальныя. Таму патрэбны індывідуальны падыход. Я лёгкая на пад’ём, таварыская, хутка знаходжу агульную мову і са старымі, і з маладзейшымі. Імкнуся заходзіць да іх з усмешкай, да ўсяго адносіцца па-філасофску.

Вікторыя шмат гадоў адпрацавала ў гандлі. Зарплата была невысокая, адказнасць — вялікая. За змену ў магазіне абслугоўвала вельмі шмат людзей, стамлялася неймаверна. І таксама кожнаму трэба было дагадзіць. У сацыяльную службу ішла няўпэўнена. Спачатку папрацавала падменнай, а потым вырашыла, што ёй гэта па сілах. Цяпер на абслугоўванні ў Вікторыі 11 чалавек. Жывуць яны на розных вуліцах горада. З вясны да пачатку зімы дабіраецца да іх на веласіпедзе. За дзень праязджае больш за 7 кіламетраў.

У нашай рабоце абавязковы «рытуал» — пагаварыць з падапечнымі, — расказвалі сацыяльныя работнікі. — Нярэдка бабулі могуць сказаць, што рабіць нічога не трэба — толькі пасядзець і паслухаць іх, абмеркаваць навіны. Так за размовамі і пралятаюць дзве гадзіны — менавіта столькі часу адводзіцца на аднаго падапечнага на дзень.

Калі б здарылася такое, што сацыяльныя работнікі Пастаўскага ТЦСАН не выйшлі на працу, то больш за 1 000 чалавек у раёне (тыя, хто атрымлівае сацыяльныя паслугі) маглі б застацца без лякарстваў, ежы, клопату і ўвагі. Але яны даходзяць да ўсіх, каму патрэбна дапамога. І не важна, дзе жыве чалавек, у горадзе ці ў аддаленай маленькай вёсачцы, спяшаюцца да кожнага.



Насельніцтва раёна старэе. Асабліва шмат пажылых у сельскай мясцовасці. Хворым або адзінокім старым прапануем карыстацца паслугай сацыяльнага работніка. А тых, хто шукае работу, запрашаем працаўладкавацца ў наш ТЦСАН. Калі ў вашым сэрцы ёсць дабрыня і міласэрнасць, працаваць у нас вам будзе не складана. Тэлефануйце на нумар 2-06-40.

Іна Вырвіч, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ТЦСАН



Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.