У абанементным аддзеле цэнтральнай раённай бібліятэкі каторы раз сустракаю Ірыну Макаранку. Я бяру адну-дзве кнігі, яна — цэлы стос.
— Наша самая актыўная чытачка, — адзначылі супрацоўніцы ўстановы, і я напрасілася да Ірыны Уладзіміраўны на размову пра яе захапленне літаратурай.
Мы — равеснікі. Ведаю Ірыну з маладосці. Яна скончыла Мінскі педінстытут, па адукацыі хімік-біёлаг. Выкладала ў сельскай школе, працавала ў апараце райкама камсамола, узначальвала педкалектыў юнькаўскай васьмігодкі, была старшынёй сельскага Савета. Даўно на пенсіі, але калі ў пастаўскай СШ №4 імя В. Ф. Франтова патрабуецца замяніць настаўніцу хіміі і біялогіі, вядзе там урокі.
…Яна вырасла на хутары ў Пожарцах. У хаце не было радыё, тэлевізара, электрычнасці. Іра вучыла ўрокі, чытала кнігі пры лямпе, а бабуля казала: «Не палі газу і не сляпі вочы!» Але дзяўчынку было не адарваць ад кніжкі. У школе настаўніца Яўгенія Піліпаўна Змяеўская пасля ўрокаў чытала ім, вучням малодшых класаў, уголас. Слухаць яе, уяўляць кніжных герояў, суперажываць ім было дзівам дзіўным. А як перапаўняла радасць, калі ёй, актыўнай удзельніцы школьнай мастацкай самадзейнасці, выдатнаму дэкламатару, падарылі ў школе зборнік вершаў!
Вось так, з дзяцінства, і зарадзілася ў Ірыны любоў да чытання, якая захавалася на ўсё жыццё.
— Калі пайшла на пенсію і з’явілася шмат вольнага часу, чытаць стала яшчэ больш, — расказвала жанчына. — Вельмі люблю беларускіх пісьменнікаў: Быкава, Шамякіна, Мележа, Караткевіча. Некаторыя іх творы перачытваю і знаходжу ў іх штосьці новае для сябе. Асабліва ўражвае ваенная тэматыка. Напэўна, таму, што мае бабулі-дзядулі, бацькі на сабе зведалі жахі Вялікай Айчыннай і шмат расказвалі пра перажытае. Прыцягвае гістарычная літаратура. Таксама бяру ў бібліятэцы дэтэктывы, сучасныя раманы, адкрываю новых аўтараў. Напрыклад, зараз чытаю «По воле рока» пісьменніцы Лоры Бекіт і пагружаюся ў драматычны лёс дзвюх жанчын старажытнага Рыма — патрыцыянкі і рабыні.
Макаранкі мелі багатую ўласную бібліятэку: падпісныя выданні, поўныя зборы твораў самых знакамітых рускіх, беларускіх, замежных аўтараў. На жаль, амаль уся яна згарэла пры пажары, што здарыўся ў іх кватэры. Кнігі, якія ўцалелі, Ірына бярэ ў рукі, калі прачытае ўсе, што ўзяла ў бібліятэцы і з якой-небудзь прычыны яшчэ не абмяняла іх.
— Не разумею людзей, якія не чытаюць, — гаварыла Ірына Уладзіміраўна. — Я не магу абысціся без чытання ні дня. У народзе нездарма кажуць: «Век жыві — век вучыся». А што, як не кнігі, даюць найбольшую жыццёвую навуку?
І з гэтым нельга не пагадзіцца.
Фаіна Касаткіна