26 красавіка – дзень чарнобыльскай трагедыі
Як паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС пацярпела больш за 1 мільён жыхароў краіны, зараз у Беларусі пражывае 70 тысяч ліквідатараў аварыі.
Кожны год 26 красавіка — у дзень чарнобыльскай трагедыі — пастаўчанін Віктар Трахімовіч вяртаецца ва ўспамінах у далёкі 1986-ы.
— У чэрвені мяне прызвалі на ваенныя зборы, — расказваў ён. — У ваенкамаце сказалі, што не больш як на чатыры тыдні адкамандзіруюць у Мінск. Разам са мной адпраўляліся з Пастаў Уладзімір Кахно, Віктар Мацкевіч, Юрый Смятанка, Сяргей Лапцік. Мы здагадваліся, што ў Мінску не затрымаемся — накіруюць у чарнобыльскую зону.
Так і здарылася. У Мінску фарміраваўся полк Віцебскай вобласці. У яго склад і ўвайшлі пастаўчане. Полк дыслацыраваўся на Брагіншчыне. За некалькі кіламетраў ад райцэнтра «вырас» палатачны гарадок. Прызваныя на зборы пражылі ў ім амаль паўгода і займаліся ліквідацыяй наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Акрамя беларускіх палкоў, былі задзейнічаны і расійскія, прыбалтыйскія.
— Першыя два месяцы я працаваў на пункце спецыяльнай апрацоўкі тэхнікі, якая накіроўвалася з забруджанай зоны ў чысцейшую, — успамінаў Віктар Іосіфавіч. — Адны дазіметрам замяралі на ёй узровень радыяцыі, другія з брандспойта апрацоўвалі спецыяльным водным растворам, трэція адціралі шчоткамі найбольш забруджаныя месцы на тэхніцы. Стаяла спёка, а мы працавалі ў касцюмах хімабароны. Вытрымлівалі дзве гадзіны, пасля гадзіну адпачывалі і зноў браліся за работу. Акрамя таго, узводзілі палатачны гарадок для тых, хто павінен быў прыехаць нам на змену. Мы жылі ў аблегчаных палатках на 10 чалавек, а для зменшчыкаў устанаўлівалі ўцепленыя на 30 чалавек, для абагрэву — «буржуйкі».
Таксама яны праводзілі дэзактывацыю мясцовасці ў 30-кіламетровай зоне ад ЧАЭС. Віктар Трахімовіч расказваў, як жудасна было бачыць апусцелыя вёскі, бяздомных катоў, сабак, іншую жыўнасць. Дзе-нідзе ў хатах заставаліся старыя людзі. Яны вельмі прыязна ставіліся да камандзіраваных, частавалі чым маглі. У садах паспяваў багаты ўраджай яблыкаў, груш, сліў, а ўбіраць іх не было каму. Уражвалі роўныя бяскрайнія палі. Цэлымі плантацыямі раслі памідоры і агуркі.
— Мы елі там садавіну і агародніну, — працягваў аповед ліквідатар. — Канечне, не бяздумна, а папярэдне праверыўшы, бо былі і незаражаныя ўчасткі. Увогуле нас кармілі нядрэнна, але ўсе прадукты былі прывазнымі. Абавязкова прымалі таблеткі. Нам яшчэ пашанцавала: хоць і працавалі ў 30-кіламетровай зоне, не нахапаліся радыяцыі. А колькі ж людзей загінула пры тушэнні рэактара або памерла праз нейкі час ад прамянёвай хваробы!
Не магу не сказаць і вось пра што. Віктара Трахімовіча прызвалі на ваенныя зборы, нягледзячы на тое, што ў сям’і было двое маленькіх дзяцей (1984 і 1985 гадоў нараджэння). Як бы спраўлялася яго жонка Лена, калі б не дапамагала яе маці? Безумоўна, перажываў за сям’ю, часта пісаў пісьмы Лене, званіў (тэлефон быў толькі ў суседзяў). Хваляваўся і пра тое, каб не страціць самому здароўе, знаходзячыся ў зоне.
— На шчасце, усё абышлося, — гаварыў. — Па-ранейшаму працую ў сталярным цэху «Рассвета Пастаўскага». Выраслі дочкі. Разам з Ленай дапамагаем ім гадаваць іх дзяцей. Старэйшы ўнук ужо служыць па кантракце ў арміі, малодшы ходзіць у другі клас. Мяне найбольш хвалюе тое, каб у нашай краіне не здарылася яшчэ большай катастрофы, чым на Чарнобыльскай АЭС. Маю на ўвазе вельмі напружаную міжнародную абстаноўку. Толькі б не разгарэлася вайна! Самае дарагое — гэта мір. І атам павінен заставацца мірным.
Фаіна Касаткіна