27 апреля Ольга и Николай Метелицы из агрогородка Курополье отмечают золотую свадьбу

Общество

Сёння Вольга і Мікалай Мяцеліцы з аграгарадка Кураполле адзначаюць залатое вяселле.

Паўстагоддзя мінула з таго дня, а Мі­калай Ігнатавіч і сёння памятае, як «укралі» яго нявесту.

— На другі дзень вяселля мы прыйшлі ў клуб на танцы, хтосьці адцягнуў маю ўвагу — і Оля прапала, — расказваў ён. — Дзе ні шукаў — няма. Я нават раззлаваўся, бо не ведаў, што існаваў звычай хаваць нявесту і патрабаваць выкуп за яе. Прыйшлося выкупліваць…

Вольга Іосіфаўна з усмешкай слухае мужа і таксама вяртаецца ва ўспамінах у маладосць. Абое з Глыбоччыны. Яна працавала на будоўлі, ён вярнуўся з тэрміновай службы і ўладкаваўся трактарыстам у калгасе. Пазнаёміліся на вяселлі яго сябра. Сімпатыя перарасла ў каханне, і праз год яны пажаніліся. Сямейнае жыццё пачыналі ў Мікалаевай маці, а калі нарадзілася дачушка, пераехалі да Олінай. Потым ім выдзеліў кватэру калгас. Але ў 1985-м Мяцеліцы перабраліся на Пастаўшчыну. У тагачасным калгасе «Прагрэс» працавалі іх сябры, яны і сагітавалі на пераезд.

— У «Прагрэсе» нас прынялі вельмі добра, — расказвае Мікалай Ігнатавіч — Далі дом, узвялі прыбудовы да яго, дапамаглі з рамонтам. Прыгожае месца на ўскрайку Кураполля, побач — рэчка. Абое пайшлі ў жывёлагадоўлю: я пасвіў кароў, Оля была і цялятніцай, і даяркай. Работу пакінула толькі год назад.

27 апреля Ольга и Николай Метелицы из агрогородка Курополье отмечают золотую свадьбу

— Зараз маю больш часу на ўласную гаспадарку, — працягвае размову Вольга Іосіфаўна. — Коля хваравіты, яму нават ІІ групу інваліднасці далі. Я дужэйшая за яго і ўсюды іду першай. Раўняюся на бабу Любу з Байкала, якую паказвалі па расійскім тэлебачанні ў «Прамым эфіры»: без працы не магу. Трымаем шмат жыўнасці, вырошчваем агародніну. Ёсць для каго — у нас двое дзяцей, шасцёра ўнукаў і трое праўнукаў.

Іх дачка Тамара таксама жыве ў Кураполлі, мае ўласны дом. Працуе на цялятніку, муж Аляксей — вадзіцель-міжнароднік. У яе чацвёра дзяцей. Старэйшыя, Ліра і Уладзіслаў, ужо маюць свае сем’і. Аня вучыцца на будаўніка ў Мінску, а Саша яшчэ толькі чацвёртакласніца.

Сын Мі­калай скончыў Гарадоцкі тэхнікум і Беларускі аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, працаваў у Ярэве інжынерам па ахове працы. Там і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Кацяй. Яна, студэнтка Гродзенскага ветэрынарнага інстытута, праходзіла ў гаспадарцы практыку. Зараз жывуць у Лі­дзе. Менавіта Кацярына пазваніла ў рэдакцыю і папрасіла напісаць пра мужавых бацькоў. Гаварыла, што і для яе яны сталі вельмі дарагімі людзьмі, дзякавала за іх чуласць, дабрыню, дапамогу, прасіла перадаць віншаванне ад усёй лідскай радні.

Кацярына з Мікалаем выхоўваюць дваіх дзяцей-школьнікаў. Часта наведваюцца да бацькоў, дапамагаюць ім у працы. Унучка Лера і ўнук Саша любяць праводзіць тут школьныя канікулы. Уважлівы чытач, магчыма, падумае, што я заблыталася ў імёнах. Не! Адну ўнучку Мяцеліцаў завуць Ліра, другую — Лера. А акрамя ўнука Сашы ёсць і ўнучка Саша.

— Вольга Мяцеліца не толькі шчырая працаўніца, але і актывістка, — расказвала мне старшыня Курапольскага сельскага Савета Лілія Гінько. — Дапамагае арганізоўваць людзей на добраўпарадкаванне вуліц і навя­дзенне парадку на могілках, клапоціцца пра тое, каб заўсёды было прыгожа ля крыжа, устаноўленага ў пачатку вёскі, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці.

Вяртаючыся да сямейных спраў, пытаюся ў мужа і жонкі пра «сакрэты» захавання іх саюзу.

— Ён вельмі просты, — чую ў адказ. — Трэба саступаць адно аднаму. А калі паспрачаешся  — доўга не трымаць у сабе крыўду, а як найхутчэй памірыцца. Рознае здаралася ў нас, але заўсёды знаходзілі агульную мову.

Сёння за святочны стол да Вольгі і Мікалая Мяцеліцаў збяруцца ўсе іх родныя, прый­дуць сябры. Віноўнікі ўрачыстасці рыхтуюцца да гэтага. Аднаго не ведаюць: іх чакае яшчэ і сюрпрыз — урачыстая рэгістрацыя залатога шлюбу ў Курапольскім сельскім Савеце. Уяўляеце, колькі будзе эмоцый?

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.