11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў
Людзей хавалі штабялямі
Пастаўчанка Зоя Бозрыкава з’яўляецца сакратаром савета раённай арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму. Калі пачалася Вялікая Айчынная, ёй не было і двух з паловай гадоў.
Сям’я жыла ў Ленінградскай вобласці. Адтуль акупанты і вывезлі ўсіх жыхароў у канцлагер у Карэлію. Некаторыя эпізоды з жыцця нявольнікаў захавала дзіцячая памяць, пра іншае Зоя Паўлаўна пачула з расказаў дарослых, але праз многія гады, калі сама ўжо была замужам.
— Пасля вайны людзі пазбягалі размоў пра лагер, — расказвала жанчына. — Напэўна, не хацелі варушыць цяжкія ўспаміны. Мелася і другая прычына: тагачасная ўлада вельмі насцярожана ставілася да былых вязняў. Такая несправядлівасць раніла: мала таго, што людзі нацярпеліся пад варожым гнётам, дык яшчэ і вінаватымі лічыліся.
А як яны, жанчыны, дзеці, старыя, маглі супрацьстаяць акупантам? Хіба што адважыцца на пабег з лагера. Некаторыя рашаліся, але іх даганялі кулі. Лагер у некалькі радоў быў абнесены калючым дротам, на вышках круглыя суткі патрулявалі кулямётчыкі, таму ўцячы было немагчыма.
Усяго ў перыяд акупацыі ў Карэліі дзейнічала 14 канцлагераў і 15 турмаў для грамадзянскага насельніцтва. Праз іх прайшло 50 тысяч чалавек. Амаль трэцяя частка загінула ад голаду і хвароб.
— У лагеры памерлі мая бабуля і меншая сястрычка, — успамінала Зоя Паўлаўна. — Я нават памятаю, як Галечка ляжала ў труне і ў што яна была апранута. У трунах хавалі толькі дзяцей, мёртвых дарослых два разы на тыдзень клалі штабялямі ў выкапаныя траншэі. Да «пахавання» голыя трупы з біркамі на руках ляжалі ў спецыяльным будынку.
Петразаводскія лагеры былі створаны фінскім акупацыйным ваенным упраўленнем Усходняй Карэліі, і гаспадарылі ў іх фіны.
— Баракі вельмі доўгія, у кожным жылі сотні людзей. Наглядчыкамі былі надта злыя жанчыны, — працягвала расказваць мая суразмоўца. — Яны хадзілі па лагеры ў форме, з дубінкамі ў руках. Калі штосьці не падабалася, пускалі іх у ход. Сачылі за чысцінёй. Кожны тыдзень мы мыліся ў лазні, наша бялізна прапарвалася. Сустракаліся і спагадныя фіны. Памятаю, адзін мужчына ставіў мяне на табурэтку, я яму спявала, а ён частаваў шакаладкай.
Шакаладка ў лагеры! Гэта было штосьці неверагоднае. Вязні галадавалі, іх паёк быў мізэрны, а праца — знясільваючай. Летам на тэрыторыі лагера збіралі грыбы і пяклі іх. Зоіна бабуля працавала ў цяпліцы, у якой вырошчвалі агародніну. Іншы раз ёй удавалася выкаціць з-пад дзвярэй унучкам некалькі памідораў. Калі б наглядчыкі заўважылі такое «злачынства», жорстка пакаралі б.
Савецкія войскі вызвалілі вязняў петразаводскіх лагераў у верасні 1944-га. Бабуля Зоі і сястра Галечка навечна засталіся ў карэльскай зямлі. Пасля вайны маці нарадзіла яшчэ адну дачушку і назвала яе таксама Галяй — у памяць пра страчанае ў фашысцкай няволі дзіця. Мірныя будні сям’я пачынала ў пасёлку Піндушы непадалёк Петразаводска, дзе бацька стаў працаваць на суднаверфі.
Прайшлі гады. Сёстры выраслі, усе набылі прафесію медыка, выйшлі замуж, нарадзілі дзяцей. У Зоі Паўлаўны сын і дачка, чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Нават у паважаным узросце яе жыццё яркае і насычанае. Жанчына радуецца кожнаму новаму дню і марыць не толькі пра шчасце дзяцей і ўнукаў, але і пра тое, каб неба над Беларуссю, якая стала для яе роднай, ніколі не зацягнулі чорныя хмары вайны.
Фаіна Касаткіна