Вялікдзень — святы і светлы. Як рыхтуюцца да яго пастаўчане, якім быў іх шлях да веры?

Духовность

Кожны вернік з радасцю і надзеяй чакае свята Змёртвыхпаўстання Збаўцы. Карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч пацікавілася, як рыхтуюцца да яго людзі старэйшыя і маладыя, якім быў іх шлях да веры.

Вялікдзень — святы і светлы. Як рыхтуюцца да яго пастаўчане, якім быў іх шлях да веры?

Вялікдзень — святы і светлы. Як рыхтуюцца да яго пастаўчане, якім быў іх шлях да веры?Іна Пяткевіч, аг. Камаі:

— Мой шлях да веры пачаўся ў лынтупскім касцёле. Там прыняла Першую Камунію, спявала ў хоры, хадзіла на заняткі рэлігіі, сустрэчы моладзі. Іх тады праводзілі сястра Ева і былы пробашч ксёндз Павел Кнурэк. Падчас вучобы ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны наведвала касцёл Святой Барбары.

Лёс звёў мяне з хлопцам з каталіцкай сям’і. Сяргей у свой час быў міністрантам у камайскім касцёле. Тут жа мы бралі шлюб і цяпер рэгулярна наведваем набажэнствы. У нас падрастаюць дзве дачушкі: 8-гадовая Ева і 3-гадовая Кіра. Успрыманне Вялікадня і разуменне яго сэнсу ў дзяцінстве і цяпер — дзве розныя рэчы. Сутнасць свята мяняецца з узростам. Уваскрэсенне Езуса — не проста гі­старычная падзея, а аднаўленне сэрца і душы, любові да кожнага, хто сустракаецца на жыццёвым шляху.

Самая галоўная традыцыя, якой прытрымліваемся, — гэта годнае перажыванне Вялікага посту, Пасхальнага Трыдуума і святкаванне Вялікадня ўсёй сям’ёй, бо сям’я — найвялікшы дар.

Вялікдзень — святы і светлы. Як рыхтуюцца да яго пастаўчане, якім быў іх шлях да веры?Уладзіслаў Сакалоўскі, міністрант парафіі Езуса Міласэрнага:

— Мой тата — католік, мама — праваслаўная. Мяне хрысцілі ў касцёле. Прыйшоў час — адправілі на заняткі рэлігіі, прыняў Першую Камунію. Вядома, што ў той час мая вера не была такой свядомай, як цяпер. Пазней далучыўся да моладзевай суполкі, а затым і да службы пры алтары ў касцёле Святога Антонія Падуанскага. Аднаго разу падумаў: тут так шмат хлопцаў-міністрантаў, а як у новай парафіі? Пайшоў паглядзець і адчуў: трэба застацца — мая паслуга запатрабаваная. Цяпер стараюся не прапускаць ні адной святой Імшы.

Вялікдзень для мяне — гэта сімвал радасці, шчасця, надзеі. Вельмі люблю падрыхтоўку да свята, у першую чаргу Вялікі пост. Яго лічу не столькі абмежаваннем у нечым, колькі духоўным узбагачэннем, аднаўленнем сэрца. А які цудоўны час — Пасхальны Трыдуум! У гэты перыяд імкнуся сканцэнтравацца на Хрысце і Яго збаўчых пакутах. Вялікі чацвер, Вялікая пятніца, Вялікая субота і Пасхальная нядзеля асабліва багатыя літургічнымі абрадамі. Урачыстасць Вялікай суботы распачынаецца ў цемры ля вогнішча, дзе адбываецца благаслаўленне агню і запальванне Пасхалу. Падчас Літургіі Слова разважаем пра цуды, учыненыя Богам ад стварэння свету дзеля збаўлення чалавецтва. На спеў гімна «Хвала на вышынях» пачынаюць званіць званы. Радаснае «Алелюя» абвяшчае, што Хрыстос уваскрос! Гэта ўсё трэба перажыць і адчуць.

Вялікдзень — святы і светлы. Як рыхтуюцца да яго пастаўчане, якім быў іх шлях да веры?Часлава Танана, г. Паставы:

— У маім жыцці былі ўжо 82 Вялікадні. Колькі наперадзе — адзін Бог ведае. Для мяне кожны новы дзень — свята. Дзякую Богу, што прачнулася, маю яшчэ сілы прыбраць у хаце, зварыць есці, схадзіць на святую Імшу. Часта ўспамінаю, як жылі тады, калі бліжэйшыя касцёлы дзейнічалі толькі ў Глыбокім, Гадуцішках. Як складана было туды дабірацца! Лічу, што важна не само свята, а наша вера. Для чаго мы кожны год адзначаем Пасху? Для таго, каб ра­зам з уваскрэслым Езусам абнаўлялася наша жыццё.

Пачынаючы з Папяльцовай серады імкнуся больш асэнсавана перажываць Вялікі пост: ­удзельнічаю ў Крыжовай дарозе, Песнях Жальбы, рэкалекцыях, Трыдууме Пасхальным, часцей тэлефаную сяброўкам, знаёмым. На свята чакаю з Пінска дзяцей і ўнукаў. Радуюся, што змагла перадаць ім сваю веру. Значыць, жыццё пражыла недарэмна.

Вялікдзень — святы і светлы. Як рыхтуюцца да яго пастаўчане, якім быў іх шлях да веры?Яўген Дубовік, удзельнік моладзевай суполкі пры касцёле Святога Антонія Падуанскага:

— Моцная вера, традыцыі каталіцкіх свят у нашай сям’і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Бабуля па мамінай лініі жыве ў Паставах. З ёй і мамай складаем у прыгожы кошык стравы для асвячэння. Разам ідзём на святую Імшу. На Вялікдзень едзем да бабулі па татавай лініі — у Стары Двор. У вёсцы свята мае нейкае іншае адценне. Калі быў меншы, хадзіў з сястрой і стрыечным братам «па жачках». Мы віншавалі гаспадароў дамоў са святам, расказвалі велікодныя вершы, а за гэта атрымлівалі розныя пачастункі.

Сваю веру я паглыбляю і падчас спатканняў моладзі пры касцёле. Збіраемся па суботах, рыхтуем музычнае суправаджэнне святой Імшы. Я і Жэня Маслоўскі граем на гітарах, іншыя спяваюць. Пасля Імшы сястра Цыпрыяна і ксёндз Эдуард праводзяць канферэнцыі на тэмы Евангелля. Мы ездзім на сустрэчы моладзі ў іншыя парафіі, прымаем гасцей і ў сябе. Гэта вельмі цікава.

Вялікдзень — святы і светлы. Як рыхтуюцца да яго пастаўчане, якім быў іх шлях да веры?Соф’я Богуш, удзельніца моладзевай суполкі пры касцёле Святога Антонія Падуанскага:

— Божае Нараджэнне і Вялікдзень — асабліва любімыя святы. Заўсёды чакаю іх з нецярпеннем. Да свята рыхтуемся ўсёй сям’ёй. Найперш духоўна. На святыя Імшы, рэкалекцыі хадзілі мама з татам, я, дзве малодшыя сястрычкі і брацік. Традыцыйна на Вялікдзень мама пячэ кулічы. Разам фарбуем яйкі. Малодшыя лю­бяць іх размалёўваць. Поўным складам ідзём на асвячэнне велікодных страў і каб затрымацца пры Езусе, які ў Вялікую пятніцу памёр на крыжы, пакладзены ў магілу і павінен уваскрэснуць. Наша сям’я вельмі дружная, і ў гэтым наша сіла. А яшчэ — у сумеснай малітве. З Божай дапамогай можна пераадолець усе цяжкасці.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.