У нядзелю на СТК «Азёркі» разгарнуліся масленічныя гулянні. Сярод пастаўчан знайшлося нямала ахвотных прыняць удзел у традыцыйных гульнях і конкурсах, пакаштаваць смачных бліноў і пачастункаў. А вось здабыць падарункі з масленічнага слупа рашыліся толькі самыя смелыя і дужыя.
Праводзілі зіму жыхары і госці нашага горада цэлымі сем’ямі. І гэта не дзіўна, бо ў нашых продкаў лічылася: хто на Масленіцу не весяліцца, той пражыве год бязрадасна. Запалу і весялосці на свяце пастаўчанам было не займаць, а значыць, наперадзе ў іх насычаны і плённы год.