Заўтра — адно з галоўных хрысціянскіх свят — Вялікдзень, які будуць сустракаць прадстаўнікі каталіцкай канфесіі. Да яго рыхтуюцца не толькі дома, у сем’ях, але і ў Пастаўскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі.
Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў навучэнцы ўстановы дадатковай адукацыі малююць, распісваюць, плятуць, лепяць, вяжуць велікодныя яйкі і іншыя сімвалы свята ўваскрэсення Хрыста. Зараз тут праходзіць раённы этап абласнога конкурсу «Велікодная мазаіка», у якім удзельнічаюць усе, хто займаецца ў аб’яднаннях па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва. Сярод іх брат з сястрой Паша і Аня Якубоўскія, якія наведваюць школу мастацкіх рамёстваў «Саламяныя фантазіі» (кіраўнік — Таццяна Дзегцярук), але захапляюцца яшчэ і мастацкім роспісам. Уласнаручна распісаныя яйкі дзеці прынясуць і дамоў, каб упрыгожыць імі святочны стол.
Алена Шапавалава