Будаўнічая пляцоўка нагадвае мурашнік: тут працуе розная тэхніка, кожны дзень шчыруюць да 50 чалавек. Практычна на кожным будынку аб’екта кіпіць работа: адны ўстаўляюць вокны ў цялятніку-прафілакторыі, другія закладваюць цэглай тарцы кароўніка, трэція ўзводзяць сцены даільнай залы, чацвёртыя накрываюць дах. Разам з будаўнікамі знаходзяцца прарабы генеральнага падрадчыка КБУП «Рассвет Пастаўскі» і заказчыка ААТ «Кураполле-агра» Аляксандр Ільін і Анатолій Пацукевіч.
— Аб’ект будзе прызначаны для вядзення замкнутага цыкла вытворчасці малака, — расказваў Анатолій Пацукевіч. — Ён уключае ў сябе два кароўнікі на 320 галоў кожны, паміж імі — даільна-малочны блок. Будынкі будуць злучаныя паміж сабой уцепленай галерэяй. Па баках кароўнікаў размесцяцца выгульныя пляцоўкі, памяшканні на 180 сухастойных кароў і 150 цялят. Побач будуць сянажныя траншэі.
Комплекс узводзім за крэдытныя сродкі і часткова за ўласныя. Кароўнікі і даільную залу плануем увесці ў эксплуатацыю к пачатку стойлавага перыяду. Утрыманне кароў па сучасных тэхналогіях дазволіць павысіць вытворчасць і якасць прадукцыі, што ў сваю чаргу павялічыць эканамічную эфектыўнасць сельгаспрадпрыемства.
Сярэдні надой за мінулы год на старым комплексе склаў 5 079 кілаграмаў малака. З уводам новага ў гаспадарцы разлічваюць павысіць надоі і выручку ад рэалізацыі малака.
Анна Анішкевіч