Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч з нагоды 25-годдзя заснавання дыяцэзіі прысвоіў тытул каноніка васьмі святарам і прыняў іх у Віцебскі катэдральны капітул.
Сярод іх — пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах, дэкан пастаўскага дэканату ксёндз Павел Самсонаў і ксёндз-доктар Валерый Марціноўскі, які ў свой час быў вікарыем гэтай парафіі, а зараз — пробашч катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
Капітул — гэта калегія святароў, якія ўчыняюць урачыстыя літургічныя дзеянні ў катэдральным касцёле, выконваюць справы, даручаныя дыяцэзіяльным біскупам. Віцебскі капітул з’яўляецца найстарэйшым у Беларусі. Апостальская Сталіца па просьбе тагачаснага біскупа Уладзіслава Бліна заснавала яго 2 сакавіка 2001 года.
Носячы тытул каноніка Віцебскага катэдральнага капітула, святар атрымлівае ўсе правы і павінен выконваць абавязкі, прапісаныя ў яго Статутах, павінен кіравацца нормамі Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла і распараджэннямі біскупа Віцебскага.
Тытул каноніка святар набывае на ўсё жыццё. Гэта з’яўляецца асаблівай адзнакай і прызнаннем заслуг перад дыяцэзіяй.
Анна Анішкевіч